Дакументальная выстава «Трагедыя і гераізм яўрэяў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны»

19 жніўня 2025 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча першага намесніка міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь М.М.Філіпавай і дырэктара Бюро па сувязях «НАЦІЎ» офіса Прэм’ер-міністра дзяржавы Ізраіль Алона Шохама.

У рамках інфармацыйнага суправаджэння дадзенага візіту Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) прадставілі дакументальную выставу «Трагедыя і гераізм яўрэяў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», а таксама банэрную выставу «Без тэрміну даўнасці. Беларусь».

Нацысцкая палітыка Халакосту ў Беларусі прывяла да знішчэння ад 600 да 800 тысяч яўрэяў. На тэрыторыі Рэспублікі было створана ад 190 да 300 гета. Сімвалам трагедыі яўрэйскага народа сталі Мінскае, Гродзенскае, Пінскае, Бабруйскае і інш. гета. Лагеры смерці Трасцянец і Калдычэва, а таксама сотні іншых месцаў знішчэння.

У многіх гета дзейнічалі падпольныя патрыятычныя групы і арганізацыі. Супраціў вязняў набывала разнастайныя формы: распаўсюджванне ўлётак, сабатаж, дыверсіі, збор разведвальнай інфармацыі, арганізацыя уцёкаў, аказанне эканамічнай, фінансавай дапамогі цэнтрам падпольнага і партызанскага руху, падрыхтоўка і сыход у партызанскія атрады, выратаванне насельнікаў гета. Яўрэі былі не толькі радавымі партызанамі, але і кіраўнікамі і арганізатарамі партызанскага руху, камандзірамі, камісарамі і начальнікамі штабоў партызанскіх брыгад, атрадаў і палкоў.

На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя дакументы з архіўных фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: спіс асабовага складу атрада «Бельскага» Баранавіцкай вобласці, рапарт палітрука Н.Я.Кісялёва сакратару ЦК КП(б) Беларусі П.К.Панамарэнка аб вывадзе ў тыл ворага мірнага насельніцтва, узнагародны ліст на Кісялёва Мікалая Якаўлевіча і загад па БШПР аб узнагароджанні Н.Я.Кісялёва за выратаванні яўрэяў, успаміны ўдзельніцы Мінскага партыйнага падполля Майзлес Енты Пейсахаўны аб барацьбе групы камуністаў, якія пражывалі ў Мінскім гета, спіс работнікаў падполля Мінскага гета, якія загінулі ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, пратакол апытання жыхаркі в д.М.Трасцінец Н.С.Рунцавай аб зверствах фашыстаў, акты аб дыверсіях, праведзеных партызанскім атрадам Бельскага, асобна дзеючага партызанскага атрада ім. М.І.Калініна Баранавіцкай вобласці, інфармацыя камандавання партызанскага атрада ім. С.Арджанікідзэ аб арганізацыі яўрэйскага партызанскага атрада Бельскага і іншыя дакументы.

 

1. Дакументальная выстава «трагедыя і гераізм яўрэяў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны»
2-3. Дакументы НАРБ і фатаграфіі БДАКФФД на выставе
4-5. Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь С.В. Кулінок знаёміць з банэрнай выставай удзельнікаў сустрэчы
6-7. Загадчык аддзела Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М. А. Старасценка знаёміць з дакументальнай выставай удзельнікаў сустрэчы
8. Удзельнікі пасяджэння знаёмяцца з архіўнымі дакументамі на выставе