Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў выставы архіўных дакументаў у рамках 19-га пасяджэння Савета міністраў юстыцыі дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў

24-25 чэрвеня 2025 года ў Мінску адбылося 19-е пасяджэнне Савета міністраў юстыцыі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Актыўны ўдзел у інфармацыйным суправаджэнні мерапрыемства прынялі Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент) і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ).

24 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для ўдзельнікаў дэлегацыі была разгорнута банэрная выстава «Архіўная галіна Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе». Прадстаўляючы выставу, дырэктар Дэпартамента А.Л.Воінаў асноўны акцэнт зрабіў на ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы архіўных устаноў і на пытаннях культурна-асветніцкай работы сярод моладзі.

Намеснік дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінок прадставіў банэрную выставу «Рэспубліка – партызанка», а загадчык аддзела публікацый У.А.Калабаева – распавяла аб выдавецкіх праектах архіва.

У архівасховішчы НАРБ для міжнароднай дэлегацыі былі прадстаўлены дакументы аб удзеле ўраджэнцаў Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана ў партызанскім руху на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Я.I.Каваленка ўручыў копіі гэтых дакументаў, а таксама новыя выдавецкія праекты кіраўнікам дэлегацый.

25 чэрвеня ў холе «Прэзідэнт-гатэля» для ўдзельнікаў форуму былі прадстаўлены дакументальная і банэрная выставы па гісторыі генацыду беларускага народа, а таксама – стэлажы з выдавецкімі праектамі НАРБ.

Прадстаўленыя дакументальныя матэрыялы распавядаюць аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва акупаванай Беларусі, генацыдзе беларускага народа, жахлівых фактах расправы над мірным насельніцтвам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакументы распавядаюць аб правядзенні нацыстамі карных аперацый, стварэнні месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння грамадзянскага насельніцтва, спальванні беларускіх вёсак.

 

1. Дырэктар Дэпартамента А.Л.Воінаў прадстаўляе выставу дэлегацыі ўдзельнікаў форуму
2. Намеснік дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінок прадстаўляе выставу «Рэспубліка – партызанка»
3. Загадчык аддзела публікацый НАРБ У.А.Калабаева прадстаўляе выдавецкія праекты НАРБ
4. Знаёмства з архіўнымі дакументамі ў сховішчы НАРБ
5. Знаёмства з архіўнымі дакументамі ў сховішчы НАРБ
6. Выдавецкія праекты НАРБ
7. Знаёмства з дакументальнай выставай па гісторыі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны
8. Афіша выставы па гісторыі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны