Гісторыя медыцыны. Архівісты занальнага дзяржархіва ў г.Маладзечна падрыхтавалі віртуальную выставу, прысвечаную дзейнасці УАЗ «Вілейская ЦРБ»

Супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна падрыхтавалі віртуальную выставу, прысвечаную гісторыі станаўлення і развіцця медыцынскай сеткі Вілейшчыны.

Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў Вілейскім павеце не было дакладнай сістэмы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Часцей за ўсё пераважала імкненне лячыць хваробы самастойна, ужываючы сродкі і прыёмы народнай медыцыны. Звычайным у кожнай сям’і было нарыхтаванне і выкарыстанне розных лекавых раслін для барацьбы з захворваннямі, у складаных выпадках звярталіся за дапамогай да знахара і бабкам-шаптухам. У пачатку XX стагоддзя, дадаткова да дзяржаўнай лячэбнай сеткі, у Вілейскім павеце працавала 9 вольнапрактыкуючых урачоў, былі зарэгістраваны 4 аптэкі і 11 аптэчных магазінаў. У 1921—1939 гг. на ўвесь павет працавала 7 урачоў, 5 фельчараў, 7 акушэрак. З 1938 г. бярэ пачатак будаўніцтва першай чаргі абласной бальніцы, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1940 г.Да 1941 г. медыцынская сетка Вілейскай вобласці ўключала ў сябе 38 бальніц, радзільных дамоў, стацыянараў з ложкавым фондам 1695 ложкаў, 101 паліклініку, амбулаторыю, 54 сельскія ўрачэбныя ўчасткі, 69 фельчарскіх пунктаў, 9 санэпідстанцый. Вялізным ударам сталі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але ўжо 10 ліпеня 1944 г. загадам па Вілейскаму гарадскому аддзелу аховы здароўя была адчынена для насельніцтва Вілейская бальніца, пачалі працаваць Куранецкі і Ільянскі раённыя аддзелы аховы здароўя. За кароткі час медыцынская сетка была не толькі адноўлена, але і атрымала далейшае развіццё: праводзілася работа па ўмацаванні лячэбна-прафілактычных устаноў, развіццю і ўдасканаленню службы аховы здароўя раёна, адкрываліся новыя ўстановы лячэбнай сеткі. Сёння матэрыяльная база ЦРБ, кваліфікаваная падрыхтоўка ўрачэбнага і сярэдняга медыцынскага персаналу дае магчымасць атрымаць якасную медыцынскую дапамогу кожнаму пацыенту.