«Жорсткая праўда вайны»: кніжна-дакументальная выстава падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі
Сёння наша дзяржава і грамадства шануюць і захоўваюць памяць аб гераічных і трагічных старонках Вялікай Айчыннай вайны. Спробы рэвізіі вынікаў гэтай вайны ў нашай рэспубліцы разбіваюцца аб глыбокую навуковую аргументацыю вучоных і ўстойлівае непрыманне беларускім грамадствам псеўдагістарычных гіпотэз. Найбольш важкім аргументам у любой навуковай спрэчцы з’яўляюцца першакрыніцы – архіўныя дакументы, і адпаведныя выданні.
Кніжна-дакументальная выстава «Жорсткая праўда вайны» прымеркавана да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, што адзначаецца 22 чэрвеня. Выстава з’яўляецца данінай павагі ўсім, хто бязвінна загінуў у тыя гады, і змяшчае экспанаты – выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і копіі архіўных дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, што захавалі для нашчадкаў сапраўдныя звесткі аб тым, якую высокую цану маюць Вялікая Перамога і мірнае жыццё пасляваенных пакаленняў.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 дакументаў, якія раскрываюць сутнасць і змест розных форм генацыду, што прымяняліся фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прыводзяць вынікі раследаванняў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ў перыяд з 1942 па 1945гг., распавядаюць пра асаблівасці акупацыйнага рэжыму на Беларусі і практыку ўстанаўлення, выкрыцця і асуджэння злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых на тэрыторыі Беларусі і ў свеце.
У перыяд з 1943 па 1947 гады ў СССР адбыліся судовыя працэсы над нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі. Гэтыя працэсы, у тым ліку ў Мінску, сталі важнай часткай намаганняў па дакументаванні злачынстваў нацыстаў і прыцягненні вінаватых да адказнасці, а таксама паслужылі доказнай базай для Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу.
У экспазіцыі прадстаўлены кнігі, звязаныя з Нюрнбергскім працэсам, што пачаўся ў лістападзе 1945г., амаль 80 год таму. Таксама экспануюцца копіі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублiкi Беларусь, тэматычныя кніжныя выданні і навуковыя артыкулы, звязаныя з судовымі працэсамі над фашыстамі, што адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў 1946–1947гг.– у Мінску, Бабруйску, Віцебску і Гомелі.
Гэты дзень нагадвае аб усіх загінуўшых у баях, закатаваных у гітлераўскай няволі, памерлых у тыле ад голаду і нягод. Мы смуткуем па ўсіх, хто цаной свайго жыцця выканаў святы доўг, абараняючы ў тыя суровыя гады сваю Айчыну.
Выстава працуе з 18 чэрвеня па 31 снежня ў галерэі «Мабільная» (3-ці паверх Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).
![]() |
Афiша да выставы «Жорсткая праўда вайны» |