У рамках Міжнароднага тыдня архіваў аддзел выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці падрыхтаваў стэндавую выставу «Падарожжа ў мінулае: як шукаць гісторыю сям’і»
Выстава «Падарожжа ў мінулае: як шукаць гісторыю сям’і» размяшчана ў чытальнай зале і разлічана на шырокую аўдыторыю – як даследчыкаў-пачаткоўцаў, так і вопытных спецыялістаў.
Асноўная ідэя выставы заключалася ў тым, каб дапамагчы навічкам зразумець, што такое архіў і як пачаць працу з гістарычнымі дакументамі.
У экспазіцыі прадстаўлены рэкамендацыі па падрыхтоўцы да пошукаў і выкарыстання архіўных рэсурсаў, у прыватнасці, сайта «Архівы Беларусі», апісаны адкрытыя крыніцы інфармацыі.
Для стварэння выставы выкарыстоўваліся сучасныя тэхналогіі – штучны інтэлект. У працы ўжываліся дзве нейрасеткі: ChatGPT дапамагла распрацаваць канцэпцыю, якая затым была дапрацавана спецыялістамі архива; далей Gamma на аснове канцэпцыі падрыхтавала 10 інфармацыйных картак, якія расказваюць аб метадах пошуку інфармацыі. Кожная картка дапоўнена ілюстрацыямі, узорамі вопісаў дакументаў і QR-кодамі, якія дазваляюць хутка перайсці да анлайн-рэсурсаў – сайтаў «Архівы Беларусі», баз дадзеных «Партызаны Беларусі», «Памяць народа» і іншых платформ. Практычныя рэкамендацыі дапоўнены дакументальнымі матэрыяламі, што робіць выставу карыснай і пазнавальнай для даследчыкаў.