Архіўныя чытанні «Памяць. Гісторыя. Людзі» ў рамках міжнароднага тыдня архіваў
10 чэрвеня 2024 года ў Полацку адбыліся архіўныя чытанні «Памяць. Гісторыя. Людзі», прымеркаваныя да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 100-годдзя Полацкага краязнаўчага таварыства. Стала добрай традыцыяй правядзенне Занальным дзяржаўным архівам у г.Полацку архіўных чытанняў у рамках Міжнароднага тыдня архіваў. На гэты раз яны адбыліся на базе Краязнаўчага музея.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася дырэктар Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Полацку Лазаронак Людміла Віктараўна.
У чытаннях прынялі ўдзел архівісты, работнікі музеяў, адукацыйных устаноў і краязнаўцы, якія прадставілі шэраг цікавых паведамленняў. Сярод тэм выступленняў былі: «Журналіст, мастак і краязнаўца Уладзімір Іванавіч Ліхачоў», «Функцыянаванне Полацкай мытні ў 1920-я гады», «Музей, архіў, сям’я – тры складнікі працэсу захавання гістарычнай памяці», «Ярмак Надзея Платонаўна – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны настаўнік БССР, паэтка», «Палачанка з вялікай літары Анна Міхайлаўна Лебедзева», «Жыццёвы шлях салдата», «Аперацыя «Зорачка»: скрозь прызму часу», а таксама «Францішак Будзька: святар, культурна-асветны дзеяч, перакладчык».
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі навучэнцы Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, якія актыўна ўдзельнічаюць у архіўных акцыях «Архівы школе» і «Юны архівіст». Дэбютанты Лабкіс Карына і Кудрашова Арына ўпершыню выступілі ў ролі даследчыкаў і былі адзначаны падзякамі за свае намаганні.
Падводзячы вынікі, удзельнікі адзначылі важнасць рэгулярнага правядзення архіўных чытанняў з шырокім прыцягненнем грамадскасці, што спрыяе захаванню гістарычнай памяці і актыўнаму ўключэнню моладзі ў вывучэнне гісторыі свайго краю.
На фота: Архіўныя чытанні «Памяць. Гісторыя. Людзі» у Полацку.