Работнікі БДАМЛМ наведалі сумесную выставу «Шляхам гадоў.».. у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

28 мая 2025 г. работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі выставу «Шляхам гадоў.».. у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Гэтая выстава з’яўляецца сумесным праектам літаратурнага музея Янкі Купалы і БДАМЛМ, прысвечаным стагоддзю прысваення Янку Купалу высокага звання першага народнага паэта Беларусі.

Куратарскую экскурсію па выставе правяла загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Мікалаеўна Барткова, якая падрабязна расказала пра кожны экспанат і яго значэнне ў кантэксце жыцця і творчасці паэта.

Пачатак творчага шляху вялікага Песняра адлічваецца з 15 мая 1905 года (па юліянскім календары), калі ў газеце «Сѣверо-Западный край» з’явілася першая публікацыя пад псеўданімам «Я. Купала». 28 мая – адна з юбілейных дат купалаўскай творчасці з нагоды публікацыі верша «Мужык».

Асноўная ўвага выставы скіравана на 1925 год — важны этап у творчасці Янкі Купалы. 100 гадоў таму, 10 чэрвеня 1925 Урад Беларусі прыняў Пастанову аб наданні Яну Дамінікавічу Луцэвічу (Янку Купалу) імя Беларускага народнага паэта. Сярод знакавых экспанатаў — аўтографы верша «Шляхам гадоў», фотаздымкі паэта таго часу, а таксама кнігі-юбіляры: пяты зборнік паэзіі «Безназоўнае» і першы том «Збору твораў» — першага збору твораў у гісторыі беларускай літаратуры, выдадзенага ў ліпені–жніўні 1925 года.

У складзе выставы прадстаўлены дакументы з фондаў БДАМЛМ, якія дазваляюць глыбей зразумець жыццёвы і творчы шлях класіка.

Выстава «Шляхам гадоў…» будзе адчынена для наведвальнікаў у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да 9 ліпеня 2025 года.

 

1. Работнікі БДАМЛМ ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы
2. Падчас правядзення куратарскай экскурсіі па выставе «Шляхам гадоў.»…
3. Куратар выставы – Марыя Мікалаеўна Барткова
4. На выставе прадстаўлены дакументы з фондаў БДАМЛМ