Правядзенне НГА Беларусі ўрока і паказ дакументальнага фільма «Гісторыя Вялікай Перамогі» для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій

У рамках падпісанага паміж НГА Беларусі і ўстановай адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій» пагаднення аб супрацоўніцтве 21 красавіка 2025 года праведзена адукацыйнае мерапрыемства для навучэнцаў каледжа. Намеснік дырэктара НГА Беларусі па навуковай рабоце Сяргей Рындзін правёў для навучэнцаў каледжа ўрок на тэму «Беларусь у сусветных войнах ХХ стагоддзя».

Навучэнцам пры дапамозе прэзентацыі былі паказаны дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў па гісторыі Першай сусветнай вайны. С.М.Рындзін распавёў аб ходзе мабілізацыйных мерапрыемстваў у беларускіх губернях, арганізацыі мясцовымі ўладамі дапамогі фронту, ажыццяўленні мер па барацьбе са шпіянажам, правядзенні эвакуацыі людскіх і матэрыяльных рэсурсаў, налётах варожай авіяцыі, наступствах вайны для мірнага насельніцтва Беларусі, лёсе ваеннапалонных нямецкай і аўстра-венгерскай армій. Большасць паказаных матэрыялаў складалі фотадакументы.

Другая частка ўрока была прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, якая з’яўлялася галоўнай складовай часткай Другой сусветнай вайны. Навучэнцы паглядзелі дакументальны фільм «Гісторыя Вялікай Перамогі», які асвятляе асноўныя вехі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, бітва пад Масквой, пералом у вайне, выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з савецкай зямлі і іх канчатковы разгром у Берліне. Фільм быў створаны ў адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў з удзелам Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

С.М.Рындзін даў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Мінск-навіны», у якім распавёў пра ўдзел НГА Беларусі ў рэспубліканскай акцыі «Архівы-школе».

НГА Беларусі выказвае навучэнцам і педагагічнаму калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій (і асабіста дырэктару Георгію Уладзіміравічу Козелу) шчырую падзяку за гасцінны прыём і праяўленую вялікую цікавасць да дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

Азнаёміцца з відэасюжэтам інфармацыйнага агенства «Мінск-навіны» можна па спасылцы.

 

1. Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін праводзіць занятак
2. Навучэнцы каледжа
3. Навучэнцы каледжа
4. Паказ дакументальнага фільма «Гісторыя Вялікай Перамогі»