Выстава «Жаночы сілуэт на фоне гісторыі» у Міністэрстве юстыцыі Рэспублiкi Беларусь

3 сакавіка 2025 года, напярэдадні вясновага свята – Дня жанчын – у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава пад назвай «Жаночы сілуэт на фоне гісторыі».

Гэта сумесны праект, у якім удзельнічаюць: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

У гісторыі нашай дзяржавы жанчыны ніколі не былі на другіх ролях. Яны кіравалі, уносілі ўклад у навуковае і духоўнае жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны – працавалі ў тыле, забяспечваючы фронт, нароўні з мужчынамі абаранялі Радзіму, а затым аднаўлялі і развівалі народную гаспадарку, рыхтавалі будучую змену.

НАРБ прадставіў на выставе архіўныя дакументы: план-праграму святкавання 8 Сакавіка ў 1925 годзе; лозунгі да святкавання 8 Сакавіка; асабістыя справы жанчын – Герояў Савецкага Саюза; баявыя лісткі і рукапісныя часопісы партызанскіх фарміраванняў, якія ў дзень 8 Сакавіка былi маляўніча аформлены i цалкам прысвечаны жанчынам; загады аб узнагароджанні жанчын-партызанак.

У сучаснай Рэспубліцы Беларусь 14 снежня 1991 года было створана грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын». «Жанчына павінна быць прапаведнікам міралюбнасці, дабра, шчырасці, сумленнасці і прыстойнасці, як гэта і ёсць у нашай краіне», – адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Імёны выдатных прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва залатымі літарамі ўнесены ў гісторыю нашай краіны. Але жанчына заўсёды была і застаецца самай прыгожай, самай клапатлівай, самай жаданай і самай каханай.

 

1. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з дакументамі наведвальнікаў выставы
2. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з дакументамі наведвальнікаў выставы
3. Архіўныя дакументы на выставе ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь
4. Дакументы НАРБ на выставе «Жаночы сілуэт на фоне гісторыі»
5. Дакументы НАРБ на выставе «Жаночы сілуэт на фоне гісторыі»