Аб удзеле ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў адзіным Уроку Памяці ў рамках акцыі «Архівы-школе»

14 студзеня 2025 года старшы навуковы супрацоўнік установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» Мая Валянцінаўна Вашчанка прыняла ўдзел у адзіным Уроку Памяці ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля», прысвечаным трагедыі ў вёсцы Ола. Яна распавяла навучэнцам аб дакументах перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія захоўваюцца ў архіве і якія з’яўляюцца бясспрэчным доказам злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Гомельскай зямлі. Неад’емнай часткай акупацыйнага рэжыму сталі карныя аперацыі, мэтай якіх было масавае знішчэнне мірнага насельніцтва.

14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад разам з вайсковай часткай акружыў вёску Ола, дзе хаваліся жыхары дванаццаці навакольных вёсак. Людзей загналі ў дамы і падпалілі. Тых, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі. Былі жыўцом спалены 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 100 мужчын, 200 старых. У 2020 годзе на месцы знішчанай вёскі створаны мемарыяльны комплекс «Ола».

Звяртаючыся да вучняў Мая Валянцінаўна падкрэсліла, што жыццё – гэта сапраўднае і беспярэчнае багацце чалавека. Каб людзі маглі жыць, ствараць і думаць пра будучыню, каб краіна мацнела і квітнела, трэба беражліва ставіцца да сваёй памяці. Захоўваць яе і без скажэнняў перадаваць нашчадкам «паколькі « мы жывем, пака памятаем! Мы жывыя, пакуль нас памятаюць!».

Удзельнікі мерапрыемства запалілі свечкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых у вёсцы Ола 14 студзеня 1944 года.

 

1. Старшы навуковы супрацоўнік Мая Валянцінаўна Вашчанка з навучэнцамі сярэдняй школы №75 на мерапрыемстве, прысвечаным трагедыі ў вёсцы Ола
2. Хвіліна маўчання ў памяць аб ахвярах нацызму
3. Белыя жураўлікі, як вечная памяць аб загінуўшых