11 студзеня 2025 г.дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў, кіраўнікі і работнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў наведалі выставу дасягненняў «Мая Беларусь» у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры «БелЭкспа»

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктары Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.К.Дземянюк, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі М.М.Глушакоў, Беларускага дзяржаўнага архіва – музея літаратуры і мастацтва А.А.Макарэнка, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы А.Я.Рыбакоў, Беларускага цэнтра цыфравізацыі архіўнай галіны Д.В.Шаброў, намеснікі дырэктараў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Н.Т.Булойчык, С.М.Рындін, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі Г.С.Жалняркевіч, Цэнтральнай лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь С.І.Мезга, галоўны рэдактар часопіса «Архівы і справа В.В.Адамчык, а таксама работнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў.

Прадстаўнікі архіўнай галіны азнаёміліся з дасягненнямі краіны за апошнія 30 гадоў – найважнейшымі культурнымі, тэхналагічнымі, інфраструктурнымі і сацыяльнымі распрацоўкамі.

Выстава арганізавана ў фармаце тэматычных лакацый плошчай больш за 30 000 кв. м. пад агульнай назвай «Мая Беларусь – месца сілы». На іх прадстаўлены перадавыя дасягненні Беларусі ў самых розных сферах: «Знак якасці», «Культурная спадчына», «Мы будучыня», «Разумны горад», «Прыгожая краіна», «Навука і інтэлект», «Клопат і здароўе», «Атамная энергія», «Спартыўная краіна», «Сельская гаспадарка», «На варце», «Спорт і турызм», «Машынабудаванне».

Адна з найбольш маштабных лакацый «Культурная спадчына» прысвечана гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі. Тут прадстаўлены архіўныя фотаздымкі населеных пунктаў, адсканаваныя старонкі і факсімільныя выданні старабеларускай літаратуры, батлейка, разнастайныя археалагічныя знаходкі, слуцкія паясы, узоры саломапляцення, народнага ткацтва і шклянога ліцця, аб’ёмныя макеты помнікаў архітэктуры.

На фота: Экспазіцыі выставы дасягненняў «Мая Беларусь»