Адкрыццё дакументальнай выставы «Залатое стагоддзе беларускага кіно»
23 снежня 2024 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё дакументальнай выставы «Залатое стагоддзе беларускага кіно».
Экспазіцыя падрыхтавана Нацыянальным архівам Рэспублiкi Беларусь у супрацоўніцтве з Беларускiм lзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», музеем гісторыі беларускага кіно, Нацыянальным гістарычным музеем.
Беларускі кінематограф з’яўляецца значным пластом культуры Беларусі, які ўключае ў сучасны культурны кантэкст лепшыя кінаяўленні мінулага і папулярызуе апошнія дасягненні айчынных кінамайстроў. Беларускае кіно сёння займае ганаровае месца сярод іншых відаў мастацтва. Створана значная колькасць фільмаў, якія атрымалі заслужанае прызнанне на нацыянальным і міжнародным узроўні.
На выставе прадстаўлены арыгінальныя архіўныя матэрыялы, якія паказваюць вытокі беларускага «сінематографа» ў 20-30-я гг. XX ст., рэдкія фотаздымкі вядомых айчынных рэжысёраў, сцэнарыстаў і акцёраў, якія стварылі непаўторныя мастацкія вобразы, якія назаўсёды ўвайшлі ў залаты фонд беларускага кіно. Выстава распавядае пра тых, хто за кадрам – аператараў, мастакоў-пастаноўшчыкаў, дэкаратараў, без працы якіх не было б кіно.
На экспазіцыі можна ўбачыць артэфакты, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся: касцюмы, рэквізіт да знакавых фільмаў – тое, што зрабіла беларускае кіно вядомым ва ўсім свеце. Асаблівая ўвага надаецца фільмам, якія заслужана ўвайшлі ў залатую калекцыю айчыннага і сусветнага кінамастацтва. Выставачны праект дэманструе экспанаты, звязаныя з такімі культавымі карцінамі як «Дзяўчынка шукае бацьку», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Прыгоды Бураціна», «Белыя Росы», «Анастасія Слуцкая» і іншыя.
На выставе выступілі: галоўны інжынер Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» А.П.Кіфарюк, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь С.І.Сухавей, дырэктар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра-студыi кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» А.В.Сцебакова, аўтар сцэнарыя фільма «Дэманстратар» Н.І.Разумоўская, пісьменнік, галоўны рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» У.У.Мароз, загадчык філіяла музея гісторыі беларускага кіно В.Ю.Себрукова, рэжысёр Я.К.Сецько.
Усе прысутныя на мерапрыемстве змаглі паглядзець першы фільм кінатрылогіі «Дэманстратар», зняты ў юбілейны год і пачуць выдатныя песні з беларускіх кінафільмаў, выкананыя акцёрамі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра-студыi Кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Арцёмам Давiдовiчам i Вiялетай Крыванос.
Выстава, прысвечаная гісторыі беларускага кіно і новым праектам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», раскрывае тэму зараджэння, асаблівасцяў развіцця нацыянальнага кінематографа ў разрэзе розных гістарычных этапаў нашай краіны, а таксама адлюстроўвае працэсы і дынаміку айчыннага кінематографа на сучасным этапе.
1. Афіша дакументальнай выставы «Залатое стагоддзе беларускага кіно» |
2. Намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь С.В.Кулінок выступае з прывітальным словам |
3. Галоўны інжынер Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» А.П.Кіфарюк |
4. Дырэктар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра-студыі Кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» А.В.Сцебакова |
5. Акцёры тэатра-студыі Кінаакцёра выконваюць песні з беларускіх кінафільмаў |
6. Акцёры тэатра-студыі Кінаакцёра выконваюць песні з беларускіх кінафільмаў |
7. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь С.I.Сухавей |
8. Рэжысёр Я.К.Сецько |
9. Загадчык філіяла музея гісторыі беларускага кіно В.Ю.Себрукова |
10. Аўтар сцэнарыя кінафільма «Дэманстратар» Н.І.Разумоўская |
11. Загадчык аддзела Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М.А.Старасценка прадставіла касцюмы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» |
12. Архіўныя дакументы на выставе |
13. Рэквізіт і архіўныя дакументы на выставе |
14. Рэквізіт цэха падрыхтоўкі здымак |
15. На памяць госці мерапрыемства пакінулі свае аўтографы |