Упершыню кінадакументы аматарскай кінастудыі паступілі ў БДАКФФД
Захапляльнае мастацтва кіно ва ўсе часы прываблівала шырокія масы насельніцтва. У савецкі час было вельмі папулярным аматарскае кіно. Аматарскія кінастудыі ствараліся ў многіх гарадах Беларусі. Адна з такіх кінастудый дзейнічала ў 1970-я – 1980-я гады пад кіраўніцтвам Антона Гаўрылавіча Шапчыца пры Доме культуры чыгуначнікаў у горадзе Орша.
Удзельнікі гэтай студыі вялі кіналетапіс роднага горада, здымалі значныя падзеі і мерапрыемствы, жыхароў горада, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Каля 10 гадоў пошукам архіва аматарскай кінастудыі «Кіравец» займаўся аршанскі краязнаўца, фатограф, кіна- і відэааператар Эдуард Эдуардавіч Навагонскі. Частка плёнак была знойдзена ў падвале ДК чыгуначнікаў, частка ў Музеі лакаматыўнага дэпо станцыі Орша, частка – у запасніках былога музея Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава. Намаганнямі Эдуарда Эдуардавіча, а таксама яго паплечнікаў Алега Аўтушэнкі, Ганны Сасноўскай і Аляксандра Ермалаева архіў быў сабраны разам. Пасля была праведзена каласальная работа па яго ўпарадкаванню. Усе кінастужкі былі алічбаваны пры дапамозе кінапраектара і відэакамеры, і на кожную кінастужку складзена падрабязнае апісанне – практычна мантажны ліст.
Неабходнасць перадачы кінастужак у спецыялізаваны архіў не выклікала сумневаў, паколькі кінадакументам важна было стварыць неабходныя ўмовы захоўвання. З дапамогай нашых калегаў 45 адзінак захоўвання былі дастаўлены ў архіў.
Выказваем вялікую падзяку калегам, якія аказалі дапамогу ў атрыманні інфармацыі аб кінадакументах кінастудыі «Кіравец» і ў дастаўцы іх у БДАКФФД. Гэта намеснік дырэктара ўстановы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» Таццяна Уладзіміраўна Буевіч, дырэктар установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» Алеся Міхайлаўна Бярговіна, намеснік начальніка аддзела дзяржаўнай рэгістрацыі камерцыйных (некамерцыйных) арганізацый, юрыдычнай экспертызы і арганізацыі работы архіўных устаноў галоўнага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Аксана Васільеўна Пашкевіч.
Спадзяемся, што краязнаўцы, гісторыкі і проста неабыякавыя людзі нашай краіны рушаць услед прыкладу аршанцаў і папоўняць архіў новымі паступленнямі кінастужак і іншых аматарскіх студый. Гэта ж наша гісторыя!
На здымку: Кінадакументы аматарскай кінастудыі «Кіравец», 03.10.2024 г.Дзяржынск. Фота Л.В.Дубатоўка