Дакументальная выстава «Восень 1939 года» ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь

12 верасня 2024 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адбыўся рэспубліканскі семінар па навацыях у заканадаўстве для супрацоўнікаў рэгіструючых органаў. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў дакументальную выставу, прысвечаную Дню народнага адзінства і 85-й гадавіне ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Восень 1939 г. назаўжды ўвайшла ў пантэон беларускай славы XX стагоддзя эпахальнай для беларускага народа і дзяржавы падзеяй – уз’яднаннем беларускай нацыі ў адзінай дзяржаве. На сучасным этапе развіцця незалежнай і суверэннай Беларусі і беларускага народа ўз’яднанне – гэта адна з найважнейшых грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных, этна-нацыянальных і культурных падзей XX стагоддзя. У выніку вераснёўскага вызваленчага паходу і наступных падзей верасня-лістапада 1939 г., якія юрыдычна аформілі і замацавалі акт уз’яднання, адбылося нацыянальнае і тэрытарыяльнае аб’яднанне беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве. Этнічнае і тэрытарыяльнае аб’яднанне аб’ектыўна прывяло да нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа, умацавання беларускай дзяржаўнасці і пашырэння тэрытарыяльных межаў Беларусі. Дакументы, прадстаўленыя на выставе, адлюстроўваюць найважнейшыя падзеі восені 1939 г.

28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі – фактычна, Народны рэферэндум аб будучыні заходнебеларускага рэгіёну. Прынятыя на ім дакументы – аб дзяржаўнай уладзе, аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, аб зямлі, аб нацыяналізацыі банкаў і буйных прамысловых прадпрыемстваў – адыгралі важную ролю ў далейшым развіцці беларускай дзяржаўнасці, эканомікі, культуры і адукацыі.

 

1. Удзельнікі семінара знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў
2. Удзельнікі семінара знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў
3. Архіўныя дакументы выклікалі вялікую цікавасць у ўдзельнікаў семінара