Выстава фота-дакументаў «Альбом сямейны беражліва захоўвае»

11 верасня 2024 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году якасці, установай «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» падрыхтавана выстава фота-дакументаў «Альбом сямейны беражліва захоўвае», размешчаная на экспазіцыі ў Музеі гісторыі і культуры горада Оршы.

На выстаўцы прадстаўлены лічбавыя копіі фатаграфій з фондаў Віцебскага раённага аддзела сувязі, Віцебскага гарадскога Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, аддзела ўпраўлення Віцебскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, аддзела ўпраўлення выканаўчага камітэта Віцебскага губернскага Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў архіўных фондах установы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці», а таксама фотаздымкі з фонду Аршанскага настаўніцкага інстытута, якія знаходзяцца на захоўванні ў Дзяржархіве ў г. Оршы.

Многія здымкі былі зроблены ў першай чвэрці 20-га стагоддзя. Самыя раннія фатаграфіі датуюцца 1915 годам.

Прадстаўленыя фотаздымкі адлюстроўваюць жыццё жыхароў Віцебскай губерні самых розных прафесій і слаёў насельніцтва.

Дзякуючы падрыхтаванай экспазіцыі можна азнаёміцца з модай і стылем адзення, касцюмамі, сукенкамі, галаўнымі ўборамі, прычоскамі жыхароў Віцебшчыны больш за 100 гадоў таму і ў пасляваенны час, убачыць высакароднасць, адухоўленасць, прыгажосць і індывідуальнасць іх асоб. Бо фатаграфія – гэта адбітак мінулага, кавалачак памяці для новага пакалення. Старыя фатаграфіі беражліва захоўваюць маўклівую праўду аб тым, што было раней, абуджаюць жаданне зразумець той далёкі час, і тых людзей, якія глядзяць на нас з пажоўклых здымкаў.

Выстава адрасавана шырокаму колу асоб: школьнікам, студэнтам, краязнаўцам, педагогам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай рэгіёну, перанясе кожнага ў глыбіню здымкаў мінулых гадоў, дазволіць адчуць іх індывідуальнасць, шчырасць і праніклівасць.