Дзень сям’і ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

15 мая ў нашай краіне адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. Сям’я – самае галоўнае ў жыцці для кожнага з нас. Сям’я – гэта блізкія і родныя людзі, тыя, каму жадаем дабра і шчасця, каго мы любім, з каго бярэм прыклад, пра каго клапоцімся. Менавіта ў сям’і мы вучымся любові, клопату і павазе, адказнасці.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь 15 мая адбылося адкрыццё невялікай экспазіцыі, прысвечанай жанчынам-вызваліцелям.

На выставе прадстаўлены фатаграфіі і экспанаты з сямейных калекцый работнікаў Нацыянальнага архіва. Гісторыя многіх экспанатаў унікальная: гэта медалі і ордэны, якія з трымценнем захоўваюцца ў сем’ях абаронцаў Айчыны, мноства сямейных фатаграфій, ордэнскія кніжкі, пасведчанні, асабістыя лісты па ўліку кадраў на партызанак.

У гісторыі сем’яў супрацоўнікаў адлюстроўваецца не толькі сямейная гісторыя, але і гісторыя нашай краіны ў цэлым. Адны продкі служылі ў Чырвонай Арміі, іншыя ваявалі ў партызанах, хтосьці з іх загінуў або прапаў без вестак, а хтосьці – дажыў да сталага ўзросту.

Выстава яшчэ раз паказвае, што ў архіве працуюць людзі, якія ўмеюць захоўваць гістарычную памяць, шануюць сямейныя традыцыі, ведаюць сапраўдную каштоўнасць архіўных дакументаў і вельмі беражліва да іх ставяцца.

 

1. Намеснік дырэктара архіва А.А.Стуканава
2. Намеснік загадчыка аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Н.В.Ісайчук
3. Намеснік загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм У.Ю.Монзуль
4. З сямейнага архіва А.А.Стуканавай
5. З сямейнага архіва Н.В.Ісайчук
6. З сямейнага архіва У.Ю.Монзуля