«Сям’я. Сучасны погляд». Занальны дзяржархіў у г.Маладзечна прыняў удзел у круглым стале, прымеркаваным да Міжнароднага Дня сям’і

«Сям’я. Сучасны погляд». Круглы стол пад такой назвай прайшоў на базе Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа ў рамках рэспубліканскай акцыі «Мая сям’я-мая краіна», прымеркаванай да Міжнароднага дня сем’яў. Абмеркаваць пытанні сямейнай палітыкі сабраліся навучэнцы, прадстаўнікі розных арганізацый раёна, духавенства, людзі з сямейным стажам, а таксама тыя, хто яшчэ не стварыў ячэйку грамадства.

Мадэратарам мерапрыемства выступіла старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Марына Шчыгло. Яна расказала аб дзяржаўнай падтрымцы інстытута сям’і ў Беларусі, мерах па стымуляванні нараджальнасці, ахове мацярынства і дзяцінства.

Пра тое, што асновай жыцця і дабрабыту чалавека з’яўляюцца сям’я і сямейныя каштоўнасці распавёў протаіерэй, настаяцель храма Раства Хрыстова ў г.Маладзечна Мікалай Саўчук. Па яго перакананні, бацькам належыць ключавая роля ў развіцці духоўных і маральных якасцей асобы дзіцяці. А ў аснове ўзаемаадносін членаў сем’яў павінна быць каханне.

Вынікам вялікага кахання падзялілася шматдзетная мама Таццяна Пясковая. Жанчына распавяла пра тое, як сацыяльныя дзяржаўныя гарантыі рэалізуюцца на практыцы, падзялілася вопытам выхавання дзяцей, акцэнтавала ўвагу на важнасці захавання і перадачы сямейных духоўна-маральных каштоўнасцей, традыцый. Уладальніца ордэна Маці актыўна займаецца з дзецьмі вывучэннем свайго роду, праводзяць генеалагічныя даследаванні.

Пра тое, як правільна фармаваць сямейны архіў, забяспечваючы захаванасць дакументаў: фотаздымкаў, лістоў, дыпломаў, грамат і іншага, расказала прысутным дырэктар занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечне Іна Пудакевіч. Яна падкрэсліла значнасць вывучэння свайго роду. Бо гісторыя сем’яў цесна пераплятаецца з гісторыяй краіны і грамадства. Усе разам фарміруе гістарычную памяць. У фармаце прэзентацыі дырэктар установы пазнаёміла прысутных з сямейнымі архівамі, якія сталі здабыткам Рэспублікі, крыніцамі фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду і захоўваюцца ў фондах занальнага архіва.

У абмеркаванні актыўна прымалі ўдзел навучэнцы каледжа. Маладыя муж і жонка дзяліліся асабістай кропкай гледжання па пытанні неабходнасці шлюбу, адносіны да дзіцяці ў сям’і. Удзельнікамі з цікавасцю разгледжаны аспекты традыцыйнага сямейнага ўкладу. Сустрэча атрымалася жывой і пазнавальнай.

 

1. І.З.Пудакевіч і Т.Пясковая.
2. Падчас круглага стала.
3. Мікалай Саўчук.
4. Удзельнікі круглага стала.
5. Таццяна Пясковая.
6. Падчас абмеркавання.
7. Дырэктар архіва І.З.Пудакевіч.