Выстава «Шлях міласэрнасці»

7 мая 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё сумеснай выставы «Шлях міласэрнасці». Выстава прысвечана 60-годдзю медыка-сацыяльнай службы «Дапамога» і дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа ў цэлым.

Выстава «Шлях міласэрнасці» распавядае пра дзейнасць медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» і аб ролю Беларускага Чырвонага Крыжа як у аказанні садзейнічання сістэме аховы здароўя ў захаванні і ўмацаванні здароўя нацыі, так і ў папулярызацыі ідэй міласэрнасці і гуманнасці ў сучасны час.

У экспазіцыі прадстаўлены архіўныя матэрыялы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага Чырвонага Крыжа, Музея гісторыі медыцыны Беларусі. Экспануюцца плакаты, газеты, афішы 1960-1980 гадоў ХХ стагоддзя, пры дапамозе якіх праводзілася масавая агітацыйная работа сярод насельніцтва, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, клопату пра сябе і блізкіх, донарства. Выстаўлены ганаровыя і наградныя знакі, пасведчанні, фотаальбомы і іншыя матэрыялы, якія апавядаюць пра гісторыю стварэння і развіцця Беларускага Чырвонага Крыжа.

На выставе Нацыянальны архіў прадставіў унікальныя дакументы:
– тэлеграму старшыні СНК БССР А.Г.Чарвякову аб прыняцці тэрміновых мер па стварэнні Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў 1921 г.;
– інфармацыйнае паведамленне аб Мінскай савецкай школе сясцёр міласэрнасці;
– каштарыс па ўтрыманню школы сясцёр міласэрнасці за 1922 год;
– расклад лекцый курсаў сясцёр міласэрнасці;
– распараджэнне СНК СССР аб мерах па ліквідацыі эпідэміі сыпнога тыфу ў вызваленых ад акупацыі раёнах Беларускай ССР у 1944 г.

На працягу ўсiх этапаў фарміравання і развіцця Беларускага Чырвонага Крыжа важнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляліся аказанне медыцынскай і сацыяльнай дапамогі тым, хто мае патрэбу, удзел у правядзенні супрацьэпідэмічнай і прафілактычнай дзейнасці. Першыя сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа пачалі працаваць на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя. Яны дапамагалі ў бальніцах, даглядалі цяжкахворых, працавалі ў ачагах інфекцый, у супольнасцях сясцёр міласэрнасці мясцовых упраўленняў Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа ў Мінску, Віцебску, Гродне і Магілёве.

У 1941 годзе структура Беларускага Чырвонага Крыжа была разбурана, аднак актывісты Чырвонага Крыжа працягвалі аказваць медыцынскую дапамогу ў партызанскіх атрадах і падполлі, у шпіталях і лячэбна-прафілактычных установах. З 1943 года пачалося аднаўленне арганізацыйнай структуры Чырвонага Крыжа на вызваленай тэрыторыі.

У пасляваенны перыяд Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа стала надзейным памочнікам органаў аховы здароўя ў правядзенні маштабных санітарна-прафілактычных мерапрыемстваў сярод насельніцтва. Асноўнымі задачамі, якія вырашаюцца арганізацыяй у гэты перыяд, з’яўляліся дапамога дзецям-сіротам, дапамога інвалідам вайны, правядзенне санітарна-асветніцкай і санітарна-абарончай працы, падрыхтоўка санітарнага актыву, арганізацыя донарства.

У 1964 годзе ў беларускім Чырвоным Крыжы была сфарміравана Служба міласэрнасці для забеспячэння надомнага патранажу і догляду за ветэранамі і інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны, якая неўзабаве пашырыла катэгорыі падапечных да адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей і інвалідаў. У 2018 годзе служба атрымала новую назву – медыка-сацыяльная служба Чырвонага Крыжа «Дапамога». Сёлета службе спаўняецца 60 гадоў.

 

Банер выставы «Шлях міласэрнасці»
Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка каментуе экспазіцыю архіўных дакументаў
Прадстаўлены на выставе прадметны шэраг
Прадстаўленыя на выставе архіўныя дакументы
Выставачныя экспанаты, прадастаўленыя Беларускім Чырвоным Крыжам
Выстаўленыя архіўныя дакументы НАРБ
Тэлеграма «Мінск-Чарвякову» аб тэрміновасці стварэння Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа
Вокладка Статута Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа
Ліст з просьбай аб запісу ў школу медыцынскіх сясцёр
Расклад лекцый курсаў сясцёр міласэрнасці