У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці праведзены семінар-практыкум для студэнтаў факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

У рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» і пілотнага праекта «Юны архівіст» у адпаведнасці з дагаворам аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава 12 красавіка 2024 г.праведзены семінар-практыкум для студэнтаў факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый.

Арганізаванае на базе Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці мерапрыемства – першы з серыі запланаваных семінараў-практыкумаў, падчас якіх будучыя спецыялісты ў галіне музейнай справы і аховы гісторыка-культурнай спадчыны азнаёмяцца з асноўнымі напрамкамі дзейнасці архіва і арганізацыяй работы па тэматычным выяўленні архіўных дакументаў.

На першым занятку аб арганізацыі працы архіва ў галіне камплектавання дакументамі і фондамі распавяла заг. аддзела фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Віцебскага аблдзяржархіва Вольга Гаўрыльчык. Акрамя тэарэтычных ведаў, студэнты набылі вопыт у складанні дакументаў, вызначэнні іх віду і тэрмінаў захоўвання, азнаёміліся з асноўнай дакументацыяй, якая суправаджае працу па камплектаванні архіва.

На фота: Заг. аддзелам фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Вольга Гаўрыльчык праводзіць занятак са студэнтамі ВДУ імя П.М. Машэрава.