Рэспубліканская акцыя «Архівы – школе», пілотны праект «Юны архівіст» і адукацыйны праект «Урок у музеі» ў БДАМЛМ

12 красавіка 2024 года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», пілотнага праекта «Юны архівіст» і адукацыйнага праекта «Урок у музеі» работнікамі ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва» (далей – БДАМЛМ) сумесна з настаўнікам ДУА «Сярэдняя школа № 183 г.Мінска» праведзены ўрок беларускай літаратуры для 21 вучня 5 «А» класа.

Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Скок Вераніка Пятроўна пазнаёміла дзяцей з адной з вядучых рэспубліканскіх дзяржаўных устаноў Беларусі – Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, акцэнтаваўшы ўвагу на БДАМЛМ як найважнейшай крыніцы гісторыі культуры Беларусі. Хлопцы былі ўражаны шырокаму спектру дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве, звязаных з гісторыяй станаўлення і развіцця беларускай літаратуры, выяўленчага мастацтва, музычнага жыцця, айчыннага кінематографа.

У рамках урока дадатковага чытання былі разгледжаны біяграфія і творы, вядомага беларускага паэта Аркадзя Куляшова. Настаўнік беларускай літаратуры Язаліева Маргарыта Яўгенаўна пазнаёміла дзяцей з кароткай біяграфіяй і літаратурнай творчасцю паэта. А вучні 5-га класа з натхненнем чыталі і дэкламавалі творы Аркадзя Куляшова.

Вядучы навуковы супрацоўнік Кенька Міхаіл Паўлавіч распавёў пра знамянальныя падзеі гісторыі краіны, якія перажывала чулая душа паэта, на падставе дэманстраванай літаратурна-дакументальнай выставы «Перад сабой і светам будзь праўдзівы…», прысвечанай 110-годдзю народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, экспануемай у БДАМЛМ.

Урок беларускай літаратуры дзеці і дарослыя завяршылі абмеркаваннем радкоў А. Куляшова, якія далі назву выставе: «Перад сабой і светам будзь праўдзівы…», зрабіўшы выснову аб тым, што сумленнасць з’яўляецца адной з найважнейшых характарыстык чалавека. Яна вызначае нашу здольнасць прызнаваць свае памылкі, быць адкрытым і шчырым з навакольным светам і з самім сабой. Для таго каб жыць паўнавартасным жыццём, неабходна навучыцца быць сумленным перш за ўсё з самім сабой.

 

1. Навучэнцы 5 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 183 г. Мінска»
2. Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Скок Вераніка Пятроўна распавядае гісторыю БДАМЛМ
3. Вядучы навуковы супрацоўнік Кенька Міхаіл Паўлавіч праводзіць экскурсію па літаратурна-дакументальнай выставе «Перад сабой і светам будзь праўдзівы…»
4. Вучаніца дзеліцца ўражаннямі аб уроку