Першы кіналекторый у горадзе Магілёве

11 красавіка 2024 г.у кінатэатры «Чырвоная Зорка» у г.Магілёве ў рамках праекта «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі, як маглі» адбыўся кіналекторый для навучэнцаў дзяржаўных устаноў адукацыі «Сярэдняя школа №4 г.Магілёва», «Сярэдняя школа №40 г.Магілёва», «Гімназія №2 г.Магілёва» і сацыяльна-гуманітарнага каледжа УА « Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А.А.Куляшова». Падчас яго былі паказаны два дакументальныя фільмы «Вызваленне і адраджэнне Магілёўшчыны» і «Да 80-й гадавіны вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», падрыхтаваныя ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (г. Дзяржынск).

Перад пачаткам сеанса перад гледачамі выступіў вядучы архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі ўстановы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» Аляксандр Петухоў. Ён расказаў аб праекце «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі, як маглі», які ажыццяўляецца ў выкананне Плана падрыхтоўкі і правядзення святочных мерапрыемстваў да 80-годдзя вызвалення Беларусі, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 2023 года №316. Агучыў звесткі аб людскіх стратах у гады вайны, аб матэрыяльным уроне, нанесеным Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі за гады акупацыі, а таксама былі прадстаўлены дакументы, якія знаходзяцца на захоўванні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» па тэме «Аднаўленне горада Магілёва ў 1944-1950 гг.».

На заканчэнне выступлення Аляксандр Петухоў праінфармаваў прысутных аб наступных запланаваных кіналекторыях у кінатэатрах г.Магілёва з красавіка па чэрвень 2024 года, якія будуць рэалізаваны ў ходзе праекта «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі, як маглі».