Ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Бабруйску» арганізавана тэматычная выстаўка, прысвечаная тэме 2024 года – Году якасці

Ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Бабруйску» захоўваюцца дакументы «Бабруйская швейная фабрыка ім. Дзяржынскага Міністэрства лёгкай прамысловасці Беларускай ССР» (Ф.1200). Дзяржаўная швейная фабрыка ім. Дзяржынскага Беларускага трэста швейнай прамысловасці БССР Народнага Камісарыята лёгкай прамысловасці БССР арганізавана ў 1929 годзе на базе дробных саматужных арцеляў, што існавалі ў г.Бабруйску.

У сувязі з часовай акупацыяй г.Бабруйска нямецка-фашысцкімі захопнікамі дзейнасць фабрыкі ім. Дзяржынскага перарывалася.

У наступныя гады фабрыка зведала шэраг рэарганізацый і перайменаванняў. Цяпер з 29 чэрвеня 2000 года прадпрыемства мае найменне Адкрытае акцыянернае таварыства «Славянка» Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

У маі 1930 года, выйшаў першы нумар фабрычнай шматтыражкі «Чырвоны швэйнiк». У далейшым з 7 лістапада 1957 года ў 40-годдзе Вялікага Кастрычніка газета стала выходзіць пад новым найменнем «Швейнік». У газеце пісалася аб працоўных буднях фабрыкі, дасягненнях і перадавіках прадпрыемства. Аб тым, што ўжо зроблена і што яшчэ трэба зрабіць для выпуску высакаякаснай прадукцыі.

«СПРАВА ЧАСТКІ ЎСЯГО КАЛЕКТЫВА» – з такім гучным загалоўкам выйшаў нумар газеты ад 12.07.1973 гады. Стала вядома што, двум вырабам фабрыкі – жаночым паліто на сінтэтычнай тканіне мадэляў Д-126 і 11501 прысвоены Дзяржаўны Знак якасці.

Фабрыка пачала выпуск прадукцыі з Дзяржаўным Знакам якасці ў 1973 годзе. Калектывам фабрыкі праводзілася сістэматычная работа па пашырэнні асартыменту, паляпшэнні спажывецкіх уласцівасцей і знешняга выгляду вырабаў, маркіроўкі і ўпакоўкі, нарошчванні аб’ёмаў выпуску атэставанай прадукцыі.

Усяго за 1973-1975 гады Дзяржаўным Знакам якасці атэставана 13 мадэлей.

У 1976 годзе атэставана на Дзяржаўны знак якасці 7 мадэляў.

У 1977 годзе атэставана на Дзяржаўны Знак якасці 3 мадэлі, у тым ліку паліто з крымплена і джынсавай тканіны, і плашчы з сумесевых тканін з поліэфірным валакном.

У 1977 годзе са Знакам якасці пашылася 13 мадэляў і было выраблена 77500 адзінак.

Такія вынікі дасягнуты дзякуючы планамернай і мэтанакіраванай рабоце па ўдасканаленню арганізацыі вытворчасці і працы, укараненню новай тэхнікі і тэхналогіі, уніфікацыі канструктыўных асноў і дэталей, паляпшэнню мастацкага афармлення вырабаў, выкарыстанню новых тканін, укараненню комплекснай сістэмы кіравання якасцю.

Адной з найважнейшых задач, накіраваных на павышэнне прадукцыйнасці працы, паляпшэнню якасці прадукцыі з’яўляецца абнаўленне і замена ўстарэлай тэхнікі.

Вырабы са Знакам якасці маркіраваліся адмысловымі цэтлікамі палепшанай якасці і пакаваліся індывідуальна ў поліэтыленавыя пакеты, а затым у скрынкі.

У матэрыялах гэтага фонду ёсць пасведчанні і пратаколы дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі па прысваенні вырабам Дзяржаўнага Знака якасці.

Вялікую цікавасць у дадзеных матэрыялах выклікаюць арыгіналы Пасведчанняў аб рэгістрацыі прадукцыі, ганараванай дзяржаўнага знака якасці, а таксама канфекцыйныя карты.

Канфекцыйная карта змяшчае найменне вырабы, канструкцыю мадэлі, узоры тканін і фурнітуры.

Усе матэрыялы можна паглядзець падчас правядзення тэматычнай выставы ў архіве.

На фота прадстаўлены Пасведчанні аб рэгістрацыі прадукцыі, ганараванай дзяржаўным знакам якасці, а таксама канфекцыйныя карты.