7 красавіка 2024 г.– дзень геолага ў Рэспубліцы Беларусь

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1996 года №84 у рэспубліцы было ўстаноўлена прафесійнае свята – дзень геолага, які святкуецца штогод у першую нядзелю красавіка.

У 2024 годзе спаўняецца 75 гадоў з дня адкрыцця беларускімі геолагамі аднаго з найбуйнейшых у свеце Старобінскага радовішча калійных соляў і 60 гадоў з дня адкрыцця прамыслова значнага Рэчыцкага радовішчы нафты. Пры гэтым архіўныя дакументы сведчаць, што геолагі неаднаразова знаходзілі невялікія аб’ёмы нафты і да 1964 года.

У ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (НАРБ) захоўваюцца фонды арганізацый, якія займаюцца геалогіяй у Беларусі: фонд №1153 «Беларуская геолага-гідрагеалагічная экспедыцыя Упраўлення геалогіі пры Савеце Міністраў БССР», фонд №1266 «Геолагаразведачнае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белгеалогія» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (Мінпрыроды)», фонд №1523 «Дэпартамент па геалогіі Мінпрыроды». Таксама ў НАРБ захоўваецца фонд №1206 прафсаюза геолагаў «Беларускі прафесійны саюз работнікаў галін прыродакарыстання і геатэхналогій».

У складзе гэтых фондаў знаходзяцца дакументы, якія адлюстроўваюць дзейнасць кіруючых органаў: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Мінпрыроды, загады і распараджэнні дырэктара Дэпартамента па геалогіі Мінпрыроды. Важнымі крыніцамі з’яўляюцца дакументы аб дзейнасці геалагічных арганізацый і ўстаноў: пратаколы пасяджэнняў калегіі і саветаў, справаздачы, даведкі і інфармацыі па асноўнай дзейнасці, аб падвядзенні вынікаў сацспаборніцтваў і конкурсаў на лепшыя вынаходкі і тэхнічныя ўдасканаленні, укараненні перадавых тэхналогій, механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў, правядзенні нарад і семінараў па распрацоўцы метадаў пошуку і прагнозных запасах нафты і газу ў БССР, узнагароджанні работнікаў.

У фондах асабістага паходжання захоўваюцца дакументы вядомых беларускіх геолагаў. Напрыклад, у фондзе №311 «Калекцыя дакументаў вучоных Беларусі» прадстаўлены дакументы вядомага беларускага геолага, доктара геолага-мінералагічных навук Дамінікоўскага Фёдара Мікалаевіча. У сямейным фондзе №1546 прадстаўлены дакументы Гарэцкага Гаўрыіла Іванавіча і яго сына Радзіма Гаўрылавіча – акадэмікаў, дактароў навук, прафесараў, лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, заслужаных дзеячаў навукі БССР, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай геалогіі. У гэтых фондах знаходзяцца як асабістыя дакументы вучоных, так і дакументы іх навуковай дзейнасці.

Беларускія геолагі ўносяць вялікі ўклад у развіццё эканомікі: іх намаганнямі выяўлены шматлікія радовішчы сыравіны, дзякуючы якім у Беларусі развіваюцца вытворчасць калійных угнаенняў, будаўнічых матэрыялаў, вырабаў са шкла, даламітавай мукі, часткова забяспечаны ўласнай паліўна-энергетычнай сыравінай нафтаперапрацоўчая галіна і энергетыка. Геолагі таксама выявілі на тэрыторыі Беларусі радовішчы жалезнай руды, бурага вугалю, гаручых сланцаў і многіх іншых карысных выкапняў. Каштоўны вопыт, назапашаны беларускімі геолагамі пры вывучэнні нафтавых радовішчаў на тэрыторыі Палескай нізіны, быў запатрабаваны пры засваенні Заходне-Сібірскага нафтагазавага комплексу (Цюменская вобласць РФ).

Віншуем геолагаў з прафесійным святам!

 

1. Аб аднаўленні працы Беларускага геалагічнага ўпраўлення. Загад Старшыні Камітэта па справах геалогіі пры СНК СССР ад 30.05.1944 № 438.
НАРБ. Ф. 1266. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 49.
2. Аб камандзіраванні тт. Гарэліка, Казміна, Мураўскага ў г. Навабеліцу БССР. Загад Старшыні Камітэта па справах геалогіі пры СНК СССР ад 30.06.1944 № 573.
НАРБ. Ф. 1266. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 58.
3. Ліст начальніка Беларускага геалагічнага ўпраўлення – дырэктара геалагічнай службы А.К.Шыленкі сакратару ЦК КП(б)Б М.С.Патолічаву ад 29.12.1951 аб перспектывах асваення Старобінскага радовішча калійных солей.
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 219. Арк. 249.
4. Ліст начальніка Беларускага геалагічнага ўпраўлення – дырэктара геалагічнай службы А.К.Шыленкі сакратару ЦК КП(б)Б М.С.Патолічаву ад 29.12.1951 аб перспектывах асваення Старобінскага радовішча калійных солей.
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 219. Арк. 250.
5. Ліст начальніка Беларускага геалагічнага ўпраўлення – дырэктара геалагічнай службы А.К.Шыленкі сакратару ЦК КП(б)Б М.С.Патолічаву ад 29.12.1951 аб перспектывах асваення Старобінскага радовішча калійных солей.
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 219. Арк. 251.
6. Ліст начальніка Беларускага геалагічнага ўпраўлення – дырэктара геалагічнай службы А.К.Шыленкі сакратару ЦК КП(б)Б М.С.Патолічаву ад 29.12.1951 аб перспектывах асваення Старобінскага радовішча калійных солей.
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 219. Арк. 252.
7. Схема размяшчэння свідравых свідравін на Старобінскай саляноснай плошчы. Дадатак да ліста начальніка Беларускага геалагічнага ўпраўлення – дырэктара геалагічнай службы А.К.Шыленкі сакратару ЦК КП(б)Б М.С.Патолічаву ад 29.12.1951 аб перспектывах асваення Старобінскага радовішча калійных соляў.
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 219. Арк. 256.
8. Схематычная структурная карта з абазначэннем плошчаў, перспектыўных для пастаноўкі пошукава-разведачных работ на соль, газ, нафту і інш. карысныя выкапні. Дадатак да ліста начальніка Беларускага геалагічнага ўпраўлення – дырэктара геалагічнай службы А.К.Шыленкі сакратару ЦК КП(б)Б М.С.Патолічаву ад 29.12.1951 аб перспектывах асваення Старобінскага радовішча калійных соляў.
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 219. Арк. 257.
9. З даведкі геолага Я.М.Люткевіча «Аб напрамках пошукаў і разведкі нафты ў Беларусі», 1959 г.
НАРБ. Ф. 1266. Воп. 1. Спр. 201. Арк. 137.
10. Статут Беларускага вытворчага аб’яднання па геолагаразведачных работах (Беларусгеалогія) Міністэрства геалогіі СССР, 1987 г.
НАРБ. Ф. 1266. Воп. 4. Спр. 1. Арк. 4.