ДА ГАДАВІНЫ СПАЛЕННЯ ХАТЫНІ

20 сакавіка 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь адкрыў выставу «Хатынскі набат» у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, прымеркаваную да трагедыі беларускай вёскі Хатынь, спаленай разам з жыхарамі 22 сакавіка 1943 г.

22 сакавіка 1943 г.недалёка ад вёскі Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці партызанамі была абстраляная аўтакалона фашыстаў і ў выніку нападу забіты нямецкі афіцэр. У адказ карнікі акружылі вёску, сагналі ўсіх жыхароў у хлеў і падпалілі яго, а тых, хто спрабаваў бегчы, расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У выніку загінула 149 ні ў чым не вінаватых людзей, з іх 75 дзеці ва ўзросце да 16 гадоў. Вёска была разрабавана і спалена дашчэнту, пры гэтым цудам выратаваліся 5 дзяцей і 1 дарослы – Іосіф Камінскі (прататып скульптуры «Няскораны чалавек»). Карную аперацыю праводзіў 118-ы паліцэйскі батальён, сфармаваны ў 1942 г.у Кіеве з былых ваеннапалонных, а таксама з падраздзялення батальёна СС О. Дырлевангера.

У студзені 1966 г.ЦК КПБ прыняў рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу «Хатынь» у памяць сотняў беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і вялізнага ўкладу беларускага народа, які прынёс незлічоныя ахвяры ў імя перамогі. У сакавіку таго ж года стартаваў конкурс праектаў, па выніках якога перамагла праца архітэктараў Л.Левіна, Ю.Градава і У.Занковіча. Будаўніцтва завяршылася ў рэкордна кароткія тэрміны, і ўжо 5 ліпеня 1969 г.прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяла «Хатынь», на якім прысутнічалі ветэраны і сведкі трагедыі.

У 2022-2023 гадах у мемарыяльным комплексе «Хатынь» да 80-годдзя трагедыі была праведзена маштабная рэканструкцыя, падчас якой з’явіліся новыя аб’екты-сімвалы. Ля ўваходу ў мемарыяльны комплекс адкрыўся новы Музей памяці ахвяр беларускага народа-унікальная эмацыянальная прастора, закліканая паказаць тое, наколькі страшная любая агрэсія і нянавісць, які жах і разбурэнні яна нясе, як ператварае ў попел жыцця людзей.

У памяць сотняў беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі і вялізнага ўкладу беларускага народа Хатынь стала сімвалам болю і пакут беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Экспазіцыя заснавана на сапраўдных дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: гэта данясенне Генеральнага камісара ў Мінску аб знішчэнні вёскі Хатынь ад 1 красавіка 1943 г., акт, складзены жыхарамі в.Селішча Каменскага сельсавета Плешчаніцкага раёна Мінскай вобласці аб спаленні в.Хатынь з яе насельніцтвам, акт камісіі Плешчаніцкага падпольнага райкама КП(б)Б, партызанскага атрада ім. М.I. Калініна і жыхароў в.Cелішча аб зверствах нямецкай карнай экспедыцыі ў вёсцы Хатынь, данясенне камандзіра 118-паліцэйскага ахоўнага батальёна начальніку СС і паліцыі Барысаўскага павета аб нападзе партызан на батальён у в.Губы і знішчэнні в.Хатынь, ліст Мінскага аблвыканкама ў Савет Міністраў БССР аб будаўніцтве мемарыяльнага музея-помніка ў в.Хатынь, распараджэнне Савета Міністраў БССР аб пачатку будаўніцтва помніка-музея ў в.Хатынь, дакументы па прыёмцы ў эксплуатацыю 2-ой чаргі мемарыяльнага комплексу «Хатынь», Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб узнагароджанні Ганаровай граматай і граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР рабочых, інжынерна – тэхнічных работнікаў і служачых праектных, будаўніча – мантажных арганізацый, партыйных і савецкіх органаў, якія асабліва вызначыліся пры збудаванні і ўводзе ў эксплуатацыю мемарыяльнага комплексу «Хатынь» і іншыя дакументы.

 

1. Вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.П. Гарматны знаёміць супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з матэрыяламі выставы
2. Экспанаты выставы
3. Матэрыялы выставы