Выстава, прымеркаваная 30-годдзю з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

11 сакавіка 2024 года Нацыянальны архіў сумесна з Музеем сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, адкрыў выставу, прымеркаваную 30-годдзю з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2022 год быў знакавы для нашай краіны: 27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. За прыняцце рашэння па вынесеным на рэферэндум пытанні прагаласавала 82,86 працэнта грамадзян, гэта значыць большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

Канстытуцыя – Асноўны Закон дзяржавы. Да ліку галоўных прынцыпаў, складнікаў нормы Канстытуцыі, варта аднесці: вяршэнства права, гарантыю і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна, дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады. Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе гістарычны вопыт станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.

Выставачны праект, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі, распавядае аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі 1994 года, унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі з палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі.

Нацыянальны архіў прадаставіў на выставу: Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», пратаколы пасяджэння Рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР, пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнні», пратаколы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і інш.дакументы.

У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя экзэмпляры Канстытуцый Рэспублікі Беларусь розных гадоў, друкаваныя выданні са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. Выстава падрабязна раскрывае асноўныя палажэнні дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе ролю і месца ў сістэме дзяржаўнага ладу краіны.

З выставай азнаёміліся члены БРСМ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый патрыятычнай накіраванасці.

У далейшым выставу ў архіве могуць наведаць гісторыкі, школьнікі і студэнты навучальных устаноў.