Аб выстаўцы ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, прысвечанай Году якасці

2024 год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2023 г.№375 аб’яўлены Годам якасці.

Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці падрыхтаваў вітрынную выстаўку архіўных дакументаў, прысвечаную гэтай тэматыцы.

На выстаўцы экспануюцца арыгіналы дакументаў з архіўных фондаў брэсцкіх прадпрыемстваў: электрамеханічнага і электралямпавага заводаў, панчошнага камбіната, вытворчага аб’яднання кансервавай і вінаробнай прамысловасці, завода бытавой хіміі, мясакамбіната, швейнай фабрыкі імя Я.М.Фаміна, вытворчага дыванова-суконнага аб’яднання і інш.

У прыватнасці, прадстаўлены дакументы аб прысваенні Дзяржаўнага знака якасці выпускаемай прадукцыі (рашэнні Дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі, пасведчанні аб рэгістрацыі прадукцыі, удастоенай Дзяржаўнага знака якасці, заключэнні і тэхнічная дакументацыя на прадукцыю і інш.); планы, інфармацыі аб паляпшэнні якасці і пашырэнні асартыменту выпускаемай прадукцыі; дакументы аб правядзенні аглядаў-конкурсаў на лепшае прадпрыемства па якасці прадукцыі і інш. за 1970-1980-я гг.

Знак якасці СССР быў уведзены ў дзеянне ў 1967 годзе з мэтай стымулявання павышэння якасці і эфектыўнасці грамадскай вытворчасці. Па выніках дзяржаўнай атэстацыі якасці тавараў прадпрыемствы атрымлівалі права маркіраваць сваю прадукцыю Дзяржаўным знакам якасці СССР на тэрмін ад двух да трох гадоў.

На адкрыцці выставы прысутнічалі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Яна Сцельмашук, начальнік аддзела архіўных устаноў, натарыяту і загсаў Наталля Кралько і работнікі архіва, якія высока ацанілі прадстаўленыя на выставе дакументальныя матэрыялы, іх змястоўнасць і разнастайнасць.

У тым, што на захоўванні ў архіве знаходзяцца такія значныя і цікавыя дакументы, ёсць заслуга папярэдніх пакаленняў архівістаў (а некаторыя з іх працуюць да гэтага часу), якія якасна выконвалі і выконваюць сваю работу па камплектаванні архіва дакументамі.