Абмен вопытам прадстаўнікоў Нацыянальнага архіва з калегамі з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
8 лютага 2024 года ў рамках штогадовага выставачнага праекта «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі» Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім саюзам мастакоў, Беларускім Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыў выставу «Мова ваеннай графікі». Тэма выставы 2024 года прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Акцэнт у экспазіцыі зроблены на творчае пераасэнсаванне трагічных падзей тых гадоў відавочцамі і нашчадкамі, магутнай ідэалагічнай і гістарычнай ролі партызанскай ілюстрацыі, агітацыйнай і антыфашысцкай сатырычнай графікі. Прадстаўлены мастацкія матэрыялы, каталогі, ілюстраваныя кніжныя выданні, музейныя прадметы, арыгінальная графіка і скульптура.
У цяжкія гады акупацыі агітацыйны плакат меў шырокае распаўсюджванне. Ён фарміраваў нянавісць да лютага ворага і падтрымліваў веру ў перамогу. Яркія агітацыйныя плакаты мабілізавалі вайскоўцаў і мірнае насельніцтва змагацца з агульнай бядой, агульнанародныя мэты дамінавалі над індывідуальнымі, але часта плакат звяртаўся да асабістага болю, страты ці у канцы вайны радасці.
Сатырычны плакат паўстае на выстаўцы арыгіналамі і рэпрадукцыямі выданняў «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Франтавое акно ТАСС» (1942–1944) – колкія карыкатуры, якія багатыя злым, прыніжальным ворага гумарам з вершамі і прозай беларускіх аўтараў, яны дапамагалі справіцца з цяжкімі часамі і праз смех зменьшыць страх, трывогу і жах людзей.
Яркай старонкай кніжнага і графічнага мастацтва перыяду вайны лічыцца партызанская ілюстрацыя. Нацыянальны архіў прадставіў на выставе арыгіналы рукапісных часопісаў партызанскіх брыгад і атрадаў, баявыя лісткі, карты баявых дзеянняў, малюнкі ў розных тэхніках (графічныя, акварэльныя), ілюстрацыі да гісторый партызанскіх брыгад. Не маючы спецыяльнай мастацкай адукацыі, фарбаў і пэндзляў, карыстаючыся, у асноўным, алоўкам, у зямлянцы або будане, яны перадалі нам на паперы летапіс партызанскіх будняў.
Франтавыя партрэты, віды разбураных паселішч, замалёўкі баявых дзеянняў і паўсядзённага жыцця ўяўляюць несумненную каштоўнасць у якасці знакаў часу, дакументаў гісторыі, што данеслі да нас аб’ектыўную праўду вайны.
Кніжкі кішэннага фармату ў мяккай вокладцы, надрукаваныя на простай паперы, якія было зручна схаваць у палявую сумку, салдацкі ранец ці кішэню гімнасцёркі. Сёння гэтыя кнігі – бібліяграфічная рэдкасць. Можна таксама прасачыць адметнасць афармлення кніг для фронту і веліч беларускай і савецкай ваеннай паэзіі і прозы пасляваеннага перыяду ў кніжнай графіцы. Спалучэнне ўбачанага, перажытага і пачутага ўвасобілі творчыя саюзы пісьменнікаў і мастакоў-ілюстратараў: в.Быкаў і Я. Паплаўскі, А. Бялевіч і в.Шаранговіч, І. Шамякін і А. Кашкурэвіч, Б. Палявы і М. Жукаў і інш.
Выкананыя беларускімі аўтарамі і натхнёныя подзвігам беларускага народа творы ваеннай тэматыкі г.Паплаўскага, І. Кашкурэвіча, У. Савіча, У. Правідохіна, Ю. Зайцава, А. Кашкурэвіча, Л. Асецкага, І. Арцімовіча, А. Шапо, С. Логвіна, С. Гумілеўскага дазваляюць убачыць старонкі гісторыі беларускага вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на свае вочы.
З пачуццём асабістай адказнасці за лёс сваёй радзімы прайшлі праз вайну дзеячы мастацтва – мастакі, музыканты, скульптары, пісьменнікі. Створанае імі мабілізавала духоўныя сілы грамадства, стала магутнай зброяй і эфектыўным агітацыйным сродкам у вялікай бітве супраць фашызму, выклікала ў народзе ўсплёск духоўных і фізічных сіл, ператварылася ў сэнс і змест жыцця, патрэбу выстаяць і перамагчы. Гэта адказнасць была перададзена наступным пакаленням творчых асоб, якія побач з актуальнымі і вечнымі пошукамі сэнсаў нязменна вярталіся да захавання памяці аб найвялікшай трагедыі ХХ стагоддзя.