«Засталася толькі памяць» (да 80-годдзя знішчэння Мінскага гета калектыў БДАМЛМ наведаў творчую майстэрню аднаго са стваральнікаў «Хатыні» Л.М. Левіна)
«Есць толькі адна рэч у свеце, якая можа быць горшай за Асвенцым – тое, што свет забудзецца, што было такое месца» (Генры Апель).
Знішчэнне Мінскага гета (амаль 100 000 жыхароў з 250 000 усіх насельнікаў горада) адбывалася паступова – з 1941 года да апошняга пагрому 21–23 кастрычніка 1943 года. Сярод загіблых тыя, чые дакументы захоўвае Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва: скульптар і мастак Абрам Бразэр, скрыпачы і педагогі Іегуда Жухавіцкі і Герман Саламонаў, акцёр і рэжысёр Міхаіл Зораў і іншыя.
У 80-я ўгодкі трагедыі калектыў БДАМЛМ наведаў творчую майстэрню заслужанага архітэктара Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі і прэміі Ленінскага камсамола, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, акадэміка Беларускай і Міжнароднай акадэмій архітэктуры, старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднаній і грамад, аднаго са стваральнікаў мемарыальных комплексаў «Хатынь» і «Яма» – Леаніда Мендэлевіча Левіна. Яго дачка – архітэктар Галіна Леанідаўна Левіна – правяла падрабязную экскурсію па творчай майстэрні бацькі, падарыла БДАМЛМ яго кнігу «Хатынь: аўтабіяграфічная аповесць».
Пасля наведвання майстэрні Л.М. Левіна стае зразумелым: пра загіблых нам засталася толькі памяць. Аднак, дзякуючы ёй, знішчаныя ў Мінскім гета людзі працягваюць сваё існаванне, застаюцца з намі побач.