Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве А.Л.Воінаў прыняў удзел у пасяджэнні Міжнароднай асацыяцыі (камісіі) гісторыкаў і архівістаў дзяржаў – удзельніц СНД

11 кастрычніка 2023 г. у рэжыме відэаканферэнцыі адбылося пасяджэнне Міжнароднай асацыяцыі (камісіі) гісторыкаў і архівістаў дзяржаў-удзельніц СНД (далей – Асацыяцыя).

Даведачна: Палажэнне аб Асацыяцыі зацверджана на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў Садружнасці Незалежных Дзяржаў 14 кастрычніка 2021 года ў Мінску.

Асацыяцыя створана ў мэтах супрацьдзеяння спробам скажэння гісторыі і захавання гістарычнай праўды. Ад кожнай краіны ў яе склад уваходзяць па тры члены (прадстаўнікі нацыянальнага інстытута гісторыі, нацыянальнай архіўнай службы і гістарычнага факультэта вядучай ВНУ ў сістэме нацыянальнай адукацыі).

На пасяджэнні Асацыяцыі, якое праходзіла пад старшынствам Навуковага кіраўніка Інстытута ўсеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук (далей – РАН), акадэміка РАН А.О.Чубар’яна былі разгледжаны наступныя пытанні:

1. Кароткая інфармацыя аб асноўных напрамках дзейнасці членаў Асацыяцыі ў 2023 годзе.
2. Абмеркаванне тэматыкі перспектыўных праектаў Асацыяцыі.
3. Аб правядзенні міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай праблемам фарміравання і развіцця гістарычнай памяці на прасторы Садружнасці (Масква, лістапад 2024 г.).
4. Аб арганізацыі міжнароднай летняй школы маладых вучоных-гісторыкаў краін СНД «Гістарычная памяць на прасторы СНД: канфлікты або кансэнсус» (лета 2024 г.).

У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан, Рэспублікі Узбекістан.

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве ў сваім выступленні праінфармаваў аб дзейнасці дзяржаўных архіўных устаноў у бягучы перыяд.

Кіраўнік архіўнай галіны Беларусі запрасіў калег да супрацоўніцтва ў рамках плана святкавання 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 2023 г.