Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» прадстаўляе дакумент, які змястоўвае весткі аб маці Героя Савецкага Саюза Ц.П. Бумажкова

Ціхан Піменавіч Бумажкоў (30.06.1910 – 01.12.1941) – камісар партызанскага атрада «Чырвоны Кастрычнік» Вялікай Айчыннай вайны, створанага ў Акцябрскім раёне Палескай (у цяперашні час – Гомельскай) вобласці. Разам з камандзірам атрада Фёдарам Паўлоўскім стаў першым партызанам, удастоеным звання Героя Савецкага Саюза (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1941 года). Загінуў у баі.

Аб бацьках Бумажкова вядома няшмат. Беззямельныя сяляне Пімен Сцяпанавіч і Фёкла Нікітішна жылі ў вёсцы Пудаўня Магілёўскай губерні, але ў 1907 годзе пераехалі ў пасёлак Свіягіна Прыморскага краю, дзе і нарадзіўся Ціхан. У 1922 годзе сям’я вярнулася на Магілёўшчыну і пасялілася ў сяле Праабражэнск. Тут Пімен Бумажкоў памёр у 1940 годзе ва ўзросце 60 гадоў.

Нядаўна сярод дакументаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы было выяўлена рашэнне № 600 выканкама Брагінскага райсавета дэпутатаў працоўных ад 30 чэрвеня 1948 года (Ф. 214. Воп. 1. Спр. 40. Арк. 113). У ім гаворыцца аб выдзяленні сенажаці з Дзяржфонда калгасам, арганізацыям і грамадзянам, у тым ліку і «маці загінуўшага Героя Савецкага Саюза БУМАЖКОВАЙ». Гэта дазваляе зрабіць вывад, што Фёкла Бумажкова перажыла сына і па стану на 1948 год пражывала на тэрыторыі Брагінскага раёна.