Аб удзеле ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» у Фестывалі навукі
2 верасня 2023 г. работнікі ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (далей – БДАКФФД) прынялі ўдзел у мерапрыемстве «Фестываль навукі», якое праходзіла ў фармаце інтэлектуальна-забаўляльнай праграмы ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (далей – БДАКФФД). Фестываль праводзіцца з 2018 г., і да гэтага часу паспеў стаць адной з найбуйнейшых пляцовак для папулярызацыі навукі. У ім бяруць удзел вышэйшыя навучальныя ўстановы, музеі, архівы, лабараторыі, навукова-даследчыя інстытуты, замежныя навукова-даследчыя, навукова-вытворчыя і іншыя арганізацыі. Арганізатары фестывалю клапоцяцца, каб фестываль быў насычаны яркімі фарматамі і глыбокімі сэнсамі, каб для кожнага ўзросту і кожнага склада розуму ў праграме была дастатковая колькасць цікавых актыўнасцей.
Экспазіцыя БДАКФФД, прадстаўленая ў Батанічным садзе, была прысвечана гісторыі краіны скрозь прызму фота- і кінадакументаў. На стэндзе «Фотадакументы ранняга перыяду з фондаў БДАКФФД» былі размешчаны дакументы, якія ахопліваюць перыяд часу з канца ХІХ да пачатку ХХ стагоддзя. Альбомы фотадакументаў былі прадстаўлены калекцыямі Э.Тамашэўскай-Радзівіл, І.Тагрына, У.Каледы, а таксама спецыяльнай падборкай «Акадэмія навук Беларускай ССР».
Наведвальнікі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з відамі носьбітаў дакументаў. Розныя мадэлі фотаапаратаў, прадстаўленыя на экспазіцыі, сталі цудоўным сведчаннем развіцця тэхналогіі фатаграфіі другой паловы мінулага стагоддзя.
Асаблівую цікавасць сярод гасцей фестывалю выклікала навінка экспазіцыі БДАКФФД – фотакапіравальная ўстаноўка «Яліна», якая выкарыстоўвалася для пераздымкі дакументаў з мэтай наступнага іх тыражыравання.
Фестываль знайшоў жывы водгук сярод жыхароў г. Мінска, гасцей сталіцы і ўсіх, хто цікавіцца навукай, і запомніўся сваёй прыязнай і нязмушанай атмасферай.
![]() |
У час Фестывалю навукі ў Цэнтральным батанічным садзе г. Мінска |
![]() |
У час Фестывалю навукі ў Цэнтральным батанічным садзе г. Мінска |
![]() |
У час Фестывалю навукі ў Цэнтральным батанічным садзе г. Мінска |