6 ліпеня 2023 года ў 17.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі пад адкрытым небам «Успамін пра Нямігу»
6 ліпеня 2023 года ў 17.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі пад адкрытым небам «Успамін пра Нямігу». Выстава падрыхтавана ў рамках сумеснага праекта Беларускім дзяржаўным архівам навукова-тэхнічнай дакументацыі з Музеем гісторыі горада Мінска і Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.
Экспазіцыя выставы ў фатаграфіях, праектах і дакументах расказвае пра гісторыю Нямігі – адну са старэйшых вуліц горада. Наведвальнікі выстаўкі змогуць азнаёміцца з рэдкімі фатаграфіямі 1900–1970-х гадоў, на якіх адлюстравана Неаміга з яе малапавярховай забудовай у стылі барока і класіцызму, драўлянымі мастамі, з насцілам над высахлай ракой, якая працякала праз цэнтр вуліцы. На фатаграфіях 1950-х і 1970-х гг. адлюстраваны апошнія дзесяцігоддзі жыцця старой вуліцы.
Працэс трансфармацыі вуліцы, пачатак будаўніцтва сучасных будынкаў: інстытута «Белпрампраект» і шматкватэрнага жылога дому з гандлёвым цэнтрам «На Нямізе» – прадстаўлены ў выглядзе архітэктурных праектаў і планаў архітэктара С. С. Мусінскага.
Хроніка будаўніцтва метро і станцыі «Няміга» адлюстравана ў фатаграфіях вядомага аўтара П. В. Кастрамы. Апошнія пераўтварэнні вуліцы ў 2000-х гг., якія праводзіліся па праекце «Успамін пра Нямігу» пад кіраўніцтвам С. Г. Багласава, завяршылі забудову няцотнага боку вуліцы.
Нягледзячы на тое, што сучасная Няміга страціла першапачатковае аблічча, яна зусім не страціла сілу свайго прыцягнення і па-ранейшаму застаецца адной з самых шумных і мітуслівых вуліц, дзе перасякаюцца вялікія патокі гараджан.
Выстаўка будзе працаваць ў двары Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) да 1 кастрычніка 2023 г.
Уваход вольны.