Аб аднаўленні работы Магілёўскай абласной станцыі пералівання крыві
29 жніўня 1944 года, праз усяго месяц пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі, выйшаў загад Народнага камісарыята аховы здароўя (Наркамздраў) БССР аб аднаўленні ў рэспубліцы інстытута пералівання крыві і сеткі абласных станцый. Такая спешнасць аргументавалася тым, што «метад выкарыстання кансерваванай крыві заваяваў пераважнае значэнне ў працы лячэбных устаноў, а ў гады Айчыннай вайны служыць адным з найбольш магутных лячэбных сродкаў». Аднак практычная рэалізацыя гэтых планаў зацягнулася. У канцы лістапада 1944 года на калегіі Наркамздрава БССР адзначалася «несур’ёзнае стаўленне» да арганізацыі абласных станцый: не выконваліся планы нарыхтоўкі крыві, адсутнічала неабходнае абсталяванне і спецыялісты.
Магілёўская абласная станцыя пералівання крыві аднавіла сваю працу 1 снежня 1944 года, размясціўшыся ў двух пакоях хірургічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы (цяпер Магілёўская гарадская бальніца ХМД). Першым кіраўніком стаў урач-хірург Ілля Іванавіч Астапенка. Усяго на станцыі працавала 13 чалавек, з іх 3 урачы. Усе яны выконвалі свае абавязкі па сумяшчальніцтве, з’яўляючыся таксама супрацоўнікамі бальніцы. Выделенае абсталяванне было дастаткова бедным: паходны аперацыйны стол, некалькі аўтаклаваў, 4 стэрылізатары і хірургічны інструментарый. Пры станцыі дзейнічала сералагічная лабараторыя з паддоследнымі жывёламі – баранам і пятнаццаццю марскімі свінкамі.
Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» прадстаўляе «Пашпарт-характарыстыку Магілёўскай абласной станцыі пералівання крыві» 1947 года, які ўключае звесткі за перыяд 1944-1947 гады.
Аляксей Іванавіч Швыроў, архівіст 1 кваліфікацыйнай катэгорыі
аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі
Спіс выкарыстаных крыніц:
Установа “Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці” (ГАМог), Фонд 2948, Воп.1, С. 9, Ар. 1-4.