«XXV Узвышаўскія чытанні» ў БДАМЛМ
22 мая 2025 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыліся XXV Узвышаўскія чытанні «Аўтар і архівы: захаванне і даследаванне літаратурнай і мастацкай спадчыны». Узвышаўскія чытанні – штогадовая міждысцыплінарная канферэнцыя, якая арганізуецца БДАМЛМ з 2000 г.Яна атрымала сваю назву ў гонар беларускага літаратурна-творчага аб’яднання «Узвышша», што дзейнічала ў 1926 – 1931 гг.
Канферэнцыя з’яўляецца важнай пляцоўкай для абмеркавання супольных праблем і пытанняў для даследчыкаў гісторыі культуры Беларусі, што імкнуцца пашырыць тэарэтычны і практычны досвед вывучэння дакументальнай спадчыны нашай краіны. Характэрна, што сярод 12 удзельнікаў сёлетніх чытанняў былі прафесійныя літаратуразнаўцы, гісторыкі, архівісты, бібліятэказнаўцы, мастацтвазнаўцы.
Канферэнцыя была адкрыта дакладам М.Ф.Шумейкі, прафесара кафедры крыніцазнаўства БДУ, прысвечанай выбару тэкста для навуковых выданняў. Г.В.Запартыка, ганаровы архівіст Беларусі, абагульніла вопыт выяўлення і вяртання архіўных дакументаў з былых рэспублік СССР. Ю.У.Амосава, галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распавяла пра практыку ўзаемадзеяння бібліятэкі і БДАМЛМ для папулярызацыі захаваных дакументаў ансамбля «Песняры». Значныя абмеркаванні выклікалі даклады супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Д.М.Дразда пра вызначэнне Алесі, музы беларускага пісьменніка В.Дуніна-Марцінкевіча, А.А.Капліева пра выкарыстанне асабістых дакументаў для даследавання гісторыі медыцыны, Д.С.Пыж аб дакументах карэспандэнцкага руху. Даследчыкі І.Э.Багдановіч, А.А.Данільчык, Т.А.Лаўрык, А.І.Марозава, С.М.Запрудскі прадставілі даклады пра выкарыстанне дакументаў і пераасэнсаванне творчасці беларускіх літаратураў, чальцоў «Узвышша».
Удзельнікі XXV Узвышаўскіх чытанняў дэкларавалі неабходнасць далейшага ўзаемадзеяння і пашырэння ўзаемнага супрацоўніцтва для захавання і плённага даследавання літаратурнай і мастацкай спадчыны.
![]() |
1. Удзельнікі XXV Узвышаўскіх чытанняў |
![]() |
2. Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка звяртаецца з прывітальным словам |
![]() |
3. Прафесар М.Ф.Шумейка апавядае пра выбар тэкста |
![]() |
4. Ганаровы архівіст Г.В.Запартыка пра вопыт вяртання дакументаў |
![]() |
5. І.Э.Багдановіч пра эстэтычную мадэрнізацыю паэтычнага паслання Язэпа Пушчы |
![]() |
6. А.І.Марозова разглядае спадчыну К.Чорнага |
![]() |
7. Выступленне А.А.Капліева |
![]() |
8. Д.С.Пыж адказвае на пытанні ўдзельнікаў |