З 15 па 19 мая 2023 г. для работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў праводзяцца курсы павышэння кваліфікацыі «Сучасныя падыходы да арганізацыі архіўнай справы ў Рэспубліцы Беларусь».

Курсы павышэння кваліфікацыі арганізаваны Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на базе факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Лектарамі выступаюць выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адказныя работнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве, высокакваліфікаваныя спецыялісты рэспубліканскіх архіўных устаноў.

17 мая 2023 г. у адпаведнасці з праграмай курсаў на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь праведзены круглы стол «Сучасныя тэндэнцыі ў справаводстве і архіўнай справе» з удзелам першага намесніка дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Лядоўскай А.А. і загадчыка аддзела справаводства і фарміравання НАФ Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Шаўчэнка Т.А. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні ў галіне лічбавай трансфармацыі архіўнай галіны, арганізацыі работы з электроннымі дакументамі, выставачнай работы архіўных устаноў, кадравага забеспячэння галіны і бесперапыннага павышэння ўзроўню адукацыі архівістаў на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці.

У рамках мерапрыемства праведзена азнаямленне слухачоў курсаў з дзейнасцю Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

19 мая 2023 г. плануецца правядзенне круглага стала «Сучасныя выклікі і магчымасці ў галіне кіравання дакументамі і архіўнай справы» з удзелам дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Воінава А.Л., пасля заканчэння якога будуць падведзены вынікі курсаў павышэння кваліфікацыі з уручэннем пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі ўстаноўленага ўзору.