ДЗЯРЖАЎНЫ АРХІЎ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ ПРЭЗЕНТАВАЎ ВЫСТАВУ НА КУРГАНЕ СЛАВЫ
У Дзень Перамогі галоўнай пляцоўкай Мінскай вобласці стала тэрыторыя мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Дзяржаўны архіў далучыўся да святочных мерапрыемстваў і прэзентаваў банэрную выставу «Захоўваем мінулае, шануем сучаснасць, будуем будучыню!». Выставачная экспазіцыя адлюстроўвае гісторыю Мінскай вобласці з моманту ўтварэння, ліхалецця вайны, пасляваенны перыяд аднаўлення і стварэння.
Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены ўнікальныя архіўныя дакументы аб удакладненні даты спалення вёскі Хатынь і колькасці загінуўшых жыхароў, спіс грамадзян, спаленых немцамі ў льносушылцы ў в. Паўдарожжа Валожынскага раёна і інш. Ход пасляваеннага аднаўлення прамысловых прадпрыемстваў вобласці паказаны на прыкладзе пастаноў па Барысаўскім раёне. Дакументы аб стварэнні скульптуры старога з паміраючым унукам на руках у мемарыяльным комплексе «Хатынь», аб ахове тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец адлюстроўваюць працэс увекавечання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.