Работнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскіх архіўных устаноў прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага»
5 мая 2023 г. у рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» супрацоўнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве на чале з дырэктарам А.Л. Воінавым і кіраўнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў арганізавалі мерапрыемства па ўскладанні кветак на ваенных могілках Мінска.
Ваенныя могілкі Мінска з’яўляюцца помнікам гісторыі, адным са старэйшых у горадзе, заснаваным у 1840 годзе пры шпіталі для ваеннаслужачых. На яго тэрыторыі знаходзяцца пахаванні ўдзельнікаў бітваў Вялікай Айчыннай вайны, беларускіх партызан, вядомых дзеячаў навукі і культуры, манумент Невядомаму Салдату. Тут дзейнічае царква Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага, пабудаваная ў XIX стагоддзі.
Дырэктар Дэпартамента А.Л. Воінаў, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў важнасць і значнасць захавання ў памяці грамадзян Беларусі бяспрыкладнага подзвігу народа ў шматлікіх войнах на беларускіх землях, гераізм і мужнасць загінуўшых воінаў, а таксама роля і асаблівую адказнасць задач, якія стаяць перад архіўнай галіной – захаваць гістарычную праўду, заснаваную на дакументальных сведчаннях, данесці яе да будучых пакаленняў, не дапусціць фальсіфікацыі і скажэнні беларускай гісторыі, у тым ліку аднаго з найбольш трагічных і гераічных яе перыядаў – Вялікай Айчыннай вайны.