У межах правядзення рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі ўсклалі кветкі да мемарыялу «Яма», які размешчаны на вуліцы Мельнікайтэ ў г. Мінску
У межах правядзення рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі ўсклалі кветкі да мемарыялу «Яма», які размешчаны на вуліцы Мельнікайтэ ў г.Мінску.
Мемарыял узведзены на месцы аднаго з найбуйнейшых у Еўропе яўрэйскіх гета. З 2 па 4 сакавіка 1942 года тут было знішчана каля пяці тысяч яўрэяў.
Асаблівы цынізм і жорсткасць нацысты праявілі пры ліквідацыі яўрэйскага дзіцячага дома. 200 сірот разам з выхавацелямі проста скінулі ў яму і засыпалі зямлёй. Дзеці крычалі і малілі аб літасці, а ўздоўж рова хадзіў эсэсаўскі афіцэр і кідаў ім цукеркі…
Сціплы абеліск, з якога пачынаўся мемарыял «Яма», з’явіўся на гэтым месцы ў 1947 годзе – гэта быў першы і доўгі час адзіны помнік ахвярам Халакоста на тэрыторыі СССР.
У 2000 годзе ў мемарыяльным комплексе «Яма» з’явілася скульптурная кампазіцыя «Апошні шлях» (аўтар Леанід Левін) – група асуджаных пакутнікаў, якія спускаюцца на дно ямы.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр нацысцкага рэжыму супрацоўнікі ўстановы.