Аб удзеле ў VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы крыніцазнаўства»

27—29 красавіка 2023 года на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава праходзіць VII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы крыніцазнаўства». Віцебская канферэнцыя праходзіць раз у два гады і з’яўляецца адным з буйнейшых і найбольш прадстаўнічых навуковых мерапрыемстваў у галіне крыніцазнаўства на постсавецкай прасторы. У працы канферэнцыі вочна і завочна прымаюць удзел больш за 250 даследчыкаў з устаноў адукацыі і навукова-даследчых цэнтраў Беларусі, Расіі, Узбекістана.

Арганізатарамі навуковага форума выступаюць ВДУ імя П.М.Машэрава, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Нацыянальны гістарычны архіў, Санкт-Пецярбурскі інстытут гісторыі Расійскай акадэміі навук, Термезскі дзяржаўны ўніверсітэт.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася рэктар ВДУ імя П.М. Машэрава, прафесар В.В.Багатырова і дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк.

На пленарным пасяджэнні выступілі намеснік дырэктара НГАБ, к.г.н. М.Д.Макараў (даклад «Дзве карты эпохі Вялікага Княства Літоўскага з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі») і загадчык аддзела публікацый НАРБ С.В.Кулінок (даклад «Особое формирование СС Оскара Дирлевангера в Беларуси: обзор источников»).

У працы секцый прынялі ўдзел: навуковы супрацоўнік аддзела публікацый НАРБ Т.М.Агеенка (даклад «Да пытання аб дзейнасці Віцебскага Гістпарта»), намеснік загадчыка аддзела публікацый НАРБ І.А.Вішнеўскі (даклад «Материалы архива Белорусского обновленческого Синода как источник изучения репрессий против православного духовенства»), намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГАБ Я.С.Глінскі (даклад «Вывады шляхецтва зямянамі Слуцкага і Капыльскага княстваў у XVII—XVIII стст.: інтэрпрэтацыя і верыфікацыя звестак»), намеснік загадчыка аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм НАРБ У.Ю.Монзуль (даклад «Информационный потенциал протоколов городских и районных (в городах) партийных конференций Белорусской ССР 1945—1953 гг. по истории повседневности»), вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці НГАБ С.М.Рындзін (даклад «Развіццё фатаграфічнай справы ў Віцебскай губерні (другая палова XIX — пачатак XX ст.»).

У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя выданняў НАРБ і НГАБ. Таксама удзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з выставамі НАРБ «Без тэрміну даўнасці. Беларусь», «Хатынь — святыня нацыянальнай памяці» і НГАБ «Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі — 85».