Аб правядзенні работнікамі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» ў рамках акцыі «Архівы – школе» лекцыі на тэму «Чарнобыльская трагедыя ў дакументах архіва»

26 красавіка 2023 г. у рамках акцыі «Архівы-школе» і мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння, з навучэнцамі 8-га класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 17 г.Оршы» працаўнікамі архіва праведзена інфармацыйная гадзіна на тэму: «Чарнобыльская трагедыя ў дакументах архіва», прымеркаваная да 37-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Успомнілі аб жудаснай трагедыі таго часу, аб подзвігу людзей, якія праявілі смеласць і адвагу пры ліквідацыі наступстваў аварыі.

Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС была самай разбуральнай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. Згодна з Міжнароднай шкалой ядзерных падзей, чарнобыльскай катастрофе прысвоены сёмы, самы высокі ўзровень нанесеных страт. Радыёактыўнаму забруджванню падвергліся больш за 200 тысяч квадратных кіламетраў, з іх 70% – на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Расіі.

У выніку аварыі на 4-ым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню ў большай ці меншай ступені падвергліся шырокія тэрыторыі пяці абласцей Беларусі, у якіх было размешчана 27 гарадоў і 2697 населеных пунктаў, дзе пражывала больш за 2 млн. чалавек. Тэрыторыя паражэння склала 45,52 тысяч кіламетраў. Да катэгорыі пацярпелых было аднесена больш за 20 працэнтаў тэрыторыі нашай рэспублікі. 115 тысяч чалавек былі вымушаны эвакуіравацца з 30-кіламетровай Зоны адчужэння ЧАЭС.

Для таго, каб Чарнобыль з яго трагедыяй сапраўды назаўжды застаўся ў мінулым, ёсць адно – адзінае выйсце: памятаць пра яго ўвесь час.