Правядзенне Міжнароднага круглага стала да 120-годдзя з дня нараджэння У.І. Казлова

13 красавіка 2023 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбыўся Міжнародны круглы стол, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння вядомага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, аднаго з арганізатараў партызанскага руху, Героя Савецкага Саюза В.І. Казлова.

У рамках круглага стала прайшло адкрыццё аднайменнай выставы, падрыхтаванай НАРБ з удзелам Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі (РДАСПГ). Выстава праходзіць у выкананне плана сумесных дзеянняў Федэральнага архіўнага агенства і Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на 2023—2025 гг. Прадэманстравана кінахроніка аб В.І. Казлове з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД).

Дырэктар НАРБ А.К. Дземянюк у прывітальным слове адзначыў значнасць правядзення падобнага навуковага форума і ўказаў на сістэмную працу архіва па захаванню гістарычнай памяці аб гераічным мінулым нашай рэспублікі.

Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання І.У. Дарагуш расказала аб складзе дакументаў фонда В.І. Казлова, іх інфармацыйным патэнцыяле і выкарыстанні.
Загадчык аддзела публікацый НАРБ, к.г.н. С.В. Кулінок падрабязна спыніўся на дакументах па гісторыі партызанскага злучэння Мінскай вобласці ў фондах НАРБ: складзе, відавой разнастайнасці, інфармацыйным патэнцыяле і ўвядзенні іх у навуковы зварот.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н., дацэнт В.Г. Мазец расказаў аб пасляваеннай партыйна-дзяржаўнай дзейнасці В.І. Казлова.
У працы круглага стала прынялі ўдзел архівісты РДАСПГ, БДАКФФД, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, вучоныя і гісторыкі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Форум наведалі дэлегацыі архівістаў і гісторыкаў з Масквы, Калінінграда і Казахстана.