Аб перайменаванні вуліц у Магілёве ў гонар першага палёту чалавека ў космас

12 красавіка адзначаецца Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Дата была ўстаноўлена ў азнаменаванне першага палёту чалавека ў космас. У гэты дзень у 1961 годзе савецкі касманаўт Юрый Гагарын на касмічным караблі «Усход-1» стартаваў з касмадрома «Байканур» і ўпершыню ў свеце здзейсніў арбітальны аблёт планеты Зямля.

Падзея мела вялікае значэнне для далейшага развіцця касманаўтыкі і ўсяго чалавецтва. Касмічная тэма ў гэты час стала самай папулярнай. Праявай павагі і ўдзячнасці да людзей звязаных з касманаўтыкай стала перайменаванне вуліц у многіх населеных пунктах Савецкага Саюза.

Так, у Магілёве ўжо 25 красавіка 1961 года вуліца Лагерная была перайменаваная ў вуліцу Юрыя Гагарына, а 5 верасня 1961 года вуліца Кокінакі – у вуліцу Касманаўтаў.