Аб адкрыцці кніжна-дакументальнай выставы «Асноўны закон дзяржавы» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 сакавіка 2023 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адкрыў кніжна-дакументальную выставу «Асноўны закон дзяржавы», прымеркаваную да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Беларусь – краіна з даўняй прававой гісторыяй. Да выбітных помнікаў прававой, літаратурнай і моўнай культуры Беларусаў з поўнай падставай варта адносіць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, а першая Канстытуцыя, якая дзейнічала на нашых землях, была прынята ў 1791 годзе. Яна ўсяго на 4 гады маладзейшая за Канстытуцыю ЗША і першая ў Еўропе.

Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – знакавая падзея ў сучаснай гісторыі краіны. Канстытуцыя – прыкмета развітага, свабоднага грамадства еўрапейскай дзяржавы. Дзейны Асноўны закон вызначыў прынцыпы суверэнітэту нашай краіны, стаў ядром усёй прававой сістэмы і трывалым падмуркам для пабудовы сацыяльнай дзяржавы. Захаванне норм, закладзеных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гарантуе стабільнасць і дабрабыт у грамадстве, забеспячэнне годных умоў жыцця грамадзян.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 30 дакументаў. Сярод экспанатаў – выданні, прысвечаныя станаўленню беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, выданні Асноўнага Закона нашай краіны з ХVIII стагоддзя да нашых дзён, выданні аб канстытуцыйным праве Беларусі.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь упершыню прадставіў на выставе ўнікальныя дакументы: Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», пратаколы пасяджэння працоўнай групы Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР і іншыя афіцыйныя дакументы. Асобныя раздзелы выставы прысвечаны гісторыі нашай краіны і сучаснаму жыццю Беларусі.