Аб адкрыцці ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь дакументальнай выставы, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

15 сакавіка 2023 года у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава, падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — дзяржаўнае свята, якое мае сваю гісторыю. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — Асноўны Закон краіны, што валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. У гэтым годзе святкаванне Дня Канстытуцыі набывае асаблівы характар — роўна год краіна жыве па абноўленым Асноўным Законе, за які большасць нашых грамадзян прагаласавала на рэферэндуме 27 лютага 2022 года, пацвердзіўшы тым самым згуртаванасць і адзінства беларускага народа, заклаўшы асновы для будучага паступальнага развіцця і росквіт нашай дзяржавы.

У выставачным праекце прадстаўлены ўнікальныя дакументы з архіўных фондаў «Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі», «Вярхоўны Савет БССР». Гэта Праект Пастановы IX Усебеларускага з’езда Саветаў аб зменах артыкулаў Канстытуцыі БССР за 1929 г., дакладная запіска сакратара Чашніцкага РК КП(б)Б у ЦК КП(б)Б аб ходзе вывучэння даклада І. В. Сталіна аб Канстытуцыі Саюза ССР працоўнымі раёна ад 25 снежня 1936 г. Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выстаўкі выклікала Дакладная запіска Старшыні Саўнаркама і Канстытуцыйнай камісіі БССР Н. Галадзеда ў ЦК ВКП(б) і СНК СССР аб праекце Канстытуцыі Беларускай ССР ад 10 студзеня 1937 г., а таксама Дэкларацыя Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб прыняцці і аб’яўленні Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ад 14 красавіка 1978 г., выразкі з газет аб ходзе абмеркавання Канстытуцыі Саюза ССР сярод працоўных і калгаснікаў. Таксама Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прадставіў геральдычныя знакі адрознення.

З выставай азнаёміліся супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.