Аб правядзенні ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» прэзентацыі навуковага выдання «“Ворагу бязлітасная лютая помста!”: кіналетапіс і кіначасопіс “Савецкая Беларусь” вогненных гадоў (чэрвень 1941 – лістапад 1945 года)» у Цэнтральнай бібліятэцы ім.Я.Купалы

14 лютага 2022 г. на базе Цэнтральнай бібліятэкі ім.Я.Купалы (г.Мінск) адбылася прэзентацыя навуковага выдання «“Ворагу бязлітасная лютая помста!”: кіналетапіс і кіначасопіс “Савецкая Беларусь” вогненных гадоў». Удзельнікамі мерапрыемства сталі навучэнцы Мінскага філіяла УА «Беларускі гандлёва-эканамічны універсітэт спажывецкай кааперацыі», бібліятэкары, архівісты, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дадзеная кніга, створаная ў цесным супрацоўніцтве са спецыялістамі ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (далей – БДАКФФД), уяўляе сабой глыбокае даследаванне ў галіне неігравога экраннага фільма перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар кнігі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Канстанцін Ігаравіч Рамішэўскі падкрэсліў ролю архіўных дакументаў у справе ўмацавання дзяржаўнасці і захавання гістарычнай памяці.

Аўтар манаграфіі падрабязна распавёў пра няпростыя будні франтавых кінааператараў, а кадры, кошт якіх часам роўны чалавечаму жыццю. Падчас лекцый былі прадэманстраваны сюжэты з кіналетапіснага матэрыялу, якія захоўваюцца ў фондах БДАКФФД. Гэта працы Марыі Сухавай і Атыліі Рэйзман (фрагменты з мантажна-гістарычнай дакументальнай кінастужкі «Вызваленне Савецкай Беларусі. Гістарычная хроніка», 1944г.), Уладзіміра Ешурына.

Асаблівая ўвага была акцэнтавана на адраджэнні беларускай нацыянальнай кінахронікі. Кіначасопіс «Савецкая Беларусь» быў адроджаны ў адзін з самых цяжкіх для краіны перыядаў – летам 1942 года, а таму па праве лічыцца феноменам нацыянальнай экраннай культуры. У якасці прыкладу і ілюстрацыі апавядання аўдыторыі былі прадэманстраваны сюжэты з кіначасопіса 1942-1943 гг. Гэта «Л.П.Аляксандроўская ў землякоў-беларусаў на Калінінскім фронте» і «Машыніст Мурзіч».

Навуковую каштоўнасць гэтага выдання адзначылі ў сваіх выступленнях і ўдзельнікі мерапрыемства, сярод якіх прысутнічалі дырэктар БДАКФФД Ганчар А.М., дырэктар ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска» Мацвеева А.І., галоўны захавальнік фондаў БДАКФФД Кот А.К., намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі па навуковай і інавацыйнай рабоце доктар гістарычных навук Віцязь С.П.

Дадзеная кніга, па сутнасці сваёй, з’яўляецца дадаткам да навукова-даведачнага апарата архіва, пашыраючы і раскрываючы яго. Акрамя глыбокага мастацтвазнаўчага аналізу кіналетапісу перыяду 1941-1945 гг., аўтарам кнігі была праведзена глыбокая праца па ўдакладненні і сістэматызацыі звестак аб аўдыёвізуальнай спадчыне часоў Вялікай Айчыннай вайны, што станоўча ўплывае на магчымасць яе вывучэння і далейшай папулярызацыі.

У той жа дзень адбылася яшчэ адна значная падзея: дырэктарамі БДАКФФД Ганчаром А.М і ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г.Мінска» Мацвеевай А.І. было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэты дакумент вызначае парадак доўгачасовага партнёрства ў мэтах рэалізацыі сумесных праектаў і праграм. Актыўная падрыхтоўка да будучых мерапрыемстваў ужо вядзецца абодвума бакамі.

 

Выступленне дырэктара ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска” Мацвеевай А.І (фота Ю.Іванова)
Падпісанне пагаднення паміж ДУ “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска” Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў (фота Ю.Іванова)
Аўдыторыя падчас правядзення прэзентацыі (фота Ю.Іванова)
Аўдыторыя падчас правядзення прэзентацыі (фота Ю.Іванова)
Выступленне аўтара манаграфіі К.І.Рэмішэўскага (фота Ю.Іванова)
Выступленне галоўнага захавальніка фондаў БДАКФФД А.К.Кот (фота Ю.Іванова)
Выступленне намесніка дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі па навуковай і інавацыйнай рабоце доктара гістарычных навук С.П. Віцязя (фота Ю.Іванова)