8 лютага 2023 г. з мэтай азнаямлення з дзейнасцю Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь наведаў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Леанідавіч Воінаў
Спачатку адбылася сустрэча з кіраўніцтвам, членамі дырэкцыі архіва. Дырэктар Нацыянальнага архіва Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк выступіў з прэзентацыяй і кароткім паведамленнем аб рабоце архіва ў 2022 годзе, аб планавых паказчыках на 2023 год. У ходзе сустрэчы былі закрануты некаторыя праблемныя пытанні, якія датычацца кадравай палітыкі ў архіве, недахопу спецыялістаў у сферы архіўнай справы і справаводства ў дзяржорганах, якія з’яўляюцца крыніцамі камплектавання архіва. А.Л.Воінаў заклікаў кіраўнікоў не толькі вызначаць праблемы, але і прапаноўваць шляхі іх вырашэння.
Дырэктар Дэпартамента агледзеў працоўныя кабінеты, архівасховішчы, чытальную залу, службовыя і сканернае памяшканні, пагутарыў з работнікамі архіва.
Пасля адбылася сустрэча з калектывам Нацыянальнага архіва, падчас якой А.Л.Воінаў падзякаваў усім за працу, адзначыў вядучыя пазіцыі Нацыянальнага архіва ў галіне, вызначыў перспектывы далейшай працы.