Аб арганізацыі ўстановай «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» выставы «Гарадская геральдыка. Гісторыя аднаго горада ў гербе»

Установай «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» падрыхтавана выстава «Гарадская геральдыка. Гісторыя аднаго горада ў гербе», прысвечаная гісторыі развіцця тэрытарыяльнай геральдыкі населеных пунктаў Віцебскай вобласці.

У цяперашні час цікавасць да беларускай сімволікі надзвычай актуальная. У першую чаргу гэта звязана, з усведамленнем кожным жыхаром нашай краіны таго факта, што ён – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, а таксама з нацыянальным і духоўным адраджэннем беларускага народа ў цэлым. Сімволіка – частка нашай багатай гісторыі, яркі і ўнікальны элемент ідэалогіі і культуры.

Беларуская гарадская геральдыка мае шматвяковую багатую гісторыю. Гербы беларускіх гарадоў яскрава перадаюць дух часу – гэта замкі, крэпасці, абарончыя збудаванні, фігуры святых.

На сённяшні дзень у Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь зарэгістраваны гербы і флагі 33 населеных пунктаў Віцебскай вобласці – найбольшай колькасці сярод усіх абласцей краіны, 17 гербаў з якіх налічваюць не адну сотню гадоў.

Найбольш старажытнымі з’яўляюцца гербы Віцебска, Гарадка, Дзісны, Полацка, Суража і Улы – яны існуюць з 16 стагоддзя.

Выстава адрасавана шырокаму колу асоб: школьнікам, студэнтам, краязнаўцам, педагогам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай рэгіёна.