Віртуальная выстаўка «Саюз непарушны», прымеркаваная да 100-годдзя ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік

Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» прадстаўляе Вашай увазе віртуальную фотавыставу пад назвай «Саюз непарушны», прымеркаваную да 100-годдзя ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік – дзяржавы, якая стварыла цэлую эпоху сусветнага развіцця.

На выставе прадстаўлены фатаграфіі з альбома, прысвечанага 50-годдзю ўтварэння СССР за 1968 г., якія адносяцца да фонду Аддзела культуры Аршанскага гарадскога выканаўчага камітэта Віцебскай вобласці (Ф.1252. Воп.1. С.127. Лл.1-34).

Днём утварэння СССР лічыцца 30 снежня 1922 года – дзень, калі дагавор аб аб’яднанні ў саюзную дзяржаву быў зацверджаны на I Усесаюзным з’ездзе Саветаў і ўступіў у сілу. Зацвярджэнне дагавора юрыдычна аформіла стварэнне новай дзяржавы ў складзе 4 саюзных савецкіх рэспублік: Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі, Украінскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі і Закаўказскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі. На момант распаду Саюза ў 1991 г. саюзных рэспублік было ўжо 15.

Эпоха СССР стала часам глабальных перамен ва ўсіх галінах жыцця дзяржавы. Аднымі з галоўных дасягненняў сталі электрыфікацыя краіны, барацьба з бездагляднасцю, ліквідацыя непісьменнасці, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і адукацыя. Надышоў час вялікіх будоўляў, краіна ўзяла курс на індустрыялізацыю. Размах атрымалі распрацоўкі айчынных вучоных, звязаныя з сельскай гаспадаркай – барацьбой з засухай, механізацыяй, хімізацыяй і павышэннем ураджайнасці. Атрымаў развіццё новы напрамак навукі – ядзерная фізіка.

«Пяцігодку – у чатыры гады!» – для шматлікіх савецкіх грамадзян гэты дэвіз быў ладам жыцця, бо праца ў СССР заўсёды была ў пашане. Краіна ганарылася працоўнымі подзвігамі рабочых БАМ і ДнепраГЭС, стаханаўскага руху.

СССР меў вялізную вагу на сусветнай палітычнай арэне і быў прызнаны звышдзяржавай. Пазіцыя СССР заўсёды выклікала павагу ў міжнароднай супольнасці. У 1945 г. Савецкі Саюз стаў адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Акрамя таго, па ініцыятыве СССР былі заключаны важныя пагадненні: у 1949 г. – створаны Савет эканамічнай узаемадапамогі і ў 1955 г. – падпісаны Варшаўскі дагавор.

«Непадробным дасягненнем савецкага часу» стаў палёт у космас першага чалавека – Юрыя Гагарына і лідэрства СССР у свеце касмічных тэхналогій. Без распрацовак інжынераў, фізікаў, хімікаў Савецкага Саюза былі б немагчымыя сучасныя дасягненні навукі і ваеннай тэхнікі. Імёны савецкіх музыкаў, акцёраў, рэжысёраў, артыстаў балета, архітэктараў, мастакоў і спартсменаў вядомы на ўвесь свет.