Аб выніках работы па настаўніцтве ў Нацыянальным архіве ў 2022 годзе
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з маладымі спецыялістамі і маладымі работнікамі.
Важнай задачай з’яўляецца не толькі развіццё прафесійных навыкаў, але і стварэнне спрыяльных умоў для адаптацыі маладых калег. У сувязі з гэтым за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца настаўнікі з ліку найбольш дасведчаных і высокапрафесійных працаўнікоў.
Штогод штат архіва папаўняецца маладымі спецыялістамі, як правіла, выпускнікамі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У мэтах арганізацыі, правядзення і рэгулявання адносін паміж маладым работнікам або маладым спецыялістам і кваліфікаваным работнікам па перадачы прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў у бягучым годзе ў архіве распрацавана Палажэнне аб настаўніцтве (далей – Палажэнне) узгодненае з прафсаюзным камітэтам і зацверджанае на паседжанні дырэкцыі 30.06.2022.
З 2022 года работа па настаўніцтве набыла іншы фармат. Загадам дырэктара ад 08.08.2022 № 57 “Аб замацаванні настаўнікаў” (далей – Загад № 57) настаўнікамі замацаваны наступныя работнікі архіва: Н.С.Нартоўская, І.В.Маслоўская, А.В.Міхалюк, А.Г.Шапавал- Канапацкая, А.Ю.Юркевіч, В.Ю.Манзуль, Ж.А.Ліхадзіеўская. Іх падапечнымі сталі маладыя калегі: К.А.Чыкіта, А.Т.Міраненка, А.С.Мілушкіна, А.А.Лукіна, А.А.Крывецкі, І.Ю.Мацейка, Л.У.Гарсія-Прыходзька.
Праца была арганізавана ў адпаведнасці з Палажэннем і Планам працы архіва па настаўніцтве на 2022-2023 гг., што дазволіла зрабіць яе больш планамернай. Вызначэнне мэт і задач настаўніцтва, расстаноўка прыярытэтаў вызначылі структуру працы. Пагадненні, заключаныя паміж настаўнікамі і маладымі спецыялістамі (работнікамі), павысілі адказнасць бакоў.
Настаўнікамі былі распрацаваны індывідуальныя планы работы з улікам мерапрыемстваў па адаптацыі сваіх падапечных, вывучэння імі нарматыўнай базы, відаў работы ў структурных падраздзяленнях і інш.
Справаздачы, складзеныя настаўнікамі пасля заканчэння перыяду настаўніцтва, уяўлялі сабой аналіз праведзенай работы: вызначаны ўзровень адаптацыі ў калектыве маладых работнікаў, узаемаадносін з калегамі, авалодання навыкамі работы, ступень іх росту.
У сваю чаргу, юнакі і дзяўчаты запоўнілі анкеты, прадугледжаныя Палажэннем, у якіх далі ацэнку рабоце настаўнікаў, адзначыўшы станоўчыя бакі ўзаемасупрацоўніцтва.
Кіраўніцтвам архіва і прафсаюзным камітэтам падведзены вынікі праведзенай работы па настаўніцтве: ацэнкай працы настаўнікаў стала матэрыяльнае заахвочванне, а нашы маладыя калегі, несумненна, атрымалі пэўныя прафесійныя навыкі. Але найперш настаўнікі паказалі, што побач знаходзяцца людзі, якія заўсёды дапамогуць і словам, і справай.