Дзяржаўны архіў Бресцкая вобласці падрыхтаваў банэрную выстаўку «Брэсцкая вобласць: старонкі гісторыі»

Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці падрыхтаваў банэрную выстаўку «Брэсцкая вобласць: старонкі гісторыі», якая прымеркавана да чарговай гадавіны з дня ўтварэння Брэсцкай вобласці (4 снежня 1939 г.).

На выстаўцы прадстаўлена каля 100 архіўных дакументаў, фатаграфій, артыкулаў з Брэсцкай абласной газеты «Зара», якія адлюстроўваюць асноўныя вехі развіцця вобласці і значныя падзеі ў яе гісторыі (са снежня 1939 г. і да канца 1980-х гг.).

Дакументы адлюстроўваюць стан эканомікі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і г. д. У прыватнасці, аб нанесенай шкодзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб адміністрацыйна-тэрытарыяльных зменах, аб уводзе ў дзеянне прамысловых прадпрыемстваў, аб адкрыцці навучальных устаноў, устаноў культуры, аб развіцці транспартных зносін і многім іншым. Прадстаўлены таксама дакументы, якія змяшчаюць статыстычныя звесткі, у тым ліку аб колькасці насельніцтва вобласці ў розныя гады.

Выстаўка прэзентавана ў Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце з удзелам сродкаў масавай інфармацыі.